Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра народнага мастака Мая Данцыга, які не баяўся пратэставаць супраць зьнішчэньня старога Менску


Май Данцыг. Фота — Яўген Коктыш
Май Данцыг. Фота — Яўген Коктыш

27 красавіка споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэньня народнага мастака Беларусі Мая Данцыга. Свабода публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.

Май Данцыг (1930–2017) пачынаў у 1950-я са сьветлых сацрэалістычных карцін, але затым, натхніўшыся мастацтвам Рэната Гутуза, трагічным жывапісам Эль Грэка, творамі нямецкіх экспрэсіяністаў. Пачаў зьдзіўляць беларускіх гледачоў вялікімі манумэнтальна-жалобнымі (нягледзячы на яркія колеры) палотнамі, прысьвечанымі вайне, сучаснаму Менску, Беларусі.

Галоўнае ўва многіх творах Данцыга — балючае пачуцьцё трывогі, болю, пакінутасьці, непатрэбнасьці. Яскравы прыклад гэтаму — яго поўныя болю карціны, створаныя ў брэжнеўскія часы: «Аварыя», «Бяссоньніца», «Змрок у горадзе», «На бруку».

Май Данцыг. «На бруку», 1970-я
Май Данцыг. «На бруку», 1970-я

1. Быў упэўнены, што без чырвонага колеру жывапіснае палатно мёртвае

«...любімы, фірмовы колер... чырвоны... Без чырвонага, лічыць мастак, карціна мёртвая, а як толькі на ёй зьяўляецца гэты колер, хаця б штрыхом, палатно адразу ж ажывае...» (А. Крылова. Май Данциг: мир, труд, май // Минский курьер. 14.12.2012).

Май Данцыг. «Бяссоньніца», 1978
Май Данцыг. «Бяссоньніца», 1978

2. Лічыў, што імпрэсіяністы «пахавалі карціну»

«Я... вучыўся ў Сурыкаўскім інстытуце... і калі вінавацілі імпрэсіяністаў у тым, што яны „пахавалі карціну“, я думаў: „Ну, прапаганда...“ А потым пераканаўся, што тая прапаганда, між іншым, падставы мае. Імпрэсіяністы паспрыялі таму, што карціна зьнікла. Яны пісалі бліскучыя этуды... А вось карціну як зьяву насамрэч „пахавалі“» (П. Васілеўскі. Данцыг без эскізаў // Культура. 30.05.2015).

Май Данцыг. Ёлачка. 1971 г.
Май Данцыг. Ёлачка. 1971 г.

3. Пускаўся на хітрыкі, каб ягоныя палотны не здымалі з выставаў

«У 1962 г. напісаў карціну „Навасёлы“. ...Іншыя мастакі выяўлялі навасельле іначай — у іх у кватэру ўжо былі зьвезеныя... чамаданы, шафы... нават фікус. А ў мяне — пустата і два чалавекі... Мяне абвінавацілі ў паклёпе на рэчаіснасьць: „Дзе вы бачылі ў нас босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў, якія сядзяць, сумуючы?“ Хацелі... зьняць карціну з экспазыцыі. Я вырашыў, што гэтаму не бываць: за ноч дапісаў у куце... жаночыя лякіраваныя туфлікі — і раніцай маё палатно трыюмфальна прынялі. На карціну нават апублікавалі добрую рэцэнзію ў часопісе „Творчество“. А туфлікі я потым усё роўна зафарбаваў» (А. Крылова, 2012).

Май Данцыг і карціна «Навасёлы»
Май Данцыг і карціна «Навасёлы»

4. Яго абвінавачвалі ў кровазьмяшэньні

«З выставы зьнялі... „Партызанскую баляду“. Я напісаў жанчыну, якая корміць грудзямі параненага партызана... „Жах! Кровазьмяшэньне!“ — так ацанілі працу чальцы выстаўкама. Потым я доўгі час трымаў „Баляду“ ў майстэрні. Карціну не пабаяліся паказаць у Маскве, у Цэнтральным Доме Мастака, на маёй пэрсанальнай выставе. І толькі пасьля трыюмфу карціны ў сталіцы Расеі карціну пабачылі... менскія гледачы» (Н. Шарангович. Май Данциг: Искусство должно быть активным // Литературная газета. 29.04.2009).

Мастак Рыгор Таболіч згадваў, што калі студэнтам наведаў майстэрню Данцыга, той «з гонарам паказаў ГДР-аўскі часопіс Bildende Kunst, у якім была надрукавана ягоная праца з параненым байцом і жанчынай, якая корміць яго грудзямі».

5. Меў сьмеласьць пратэставаць супраць зьнішчэньня старога Менску

Паводле літаратара Андрэя Мельнікава, у клясычным жывапісным творы «Мой горад старажытны і малады» (1972) «грамадзянска сьмелым учынкам было яму (Данцыгу. — РС) тады, мяркую, упісаць у пэйзаж 1972-га Халодную сынагогу XVI стагодзьдзя, зьнесеную за колькі гадоў да напісаньня карціны. Да зносу яна некалькі дзесяцігодзьдзяў была найстарэйшым з жывых будынкаў».

Май Данцыг. «Мой горад старажытны і малады». 1972 г.
Май Данцыг. «Мой горад старажытны і малады». 1972 г.

6. Лічыў, што ня варта спадзявацца на Бога

«Пасьля жахаў Другой сусьветнай вайны я сур’ёзна сумняюся, што можна яшчэ спадзявацца на Бога. Іначай, калі ён існуе, дык чаму дапусьціў, каб пралілося столькі крыві? Дый сёньня, калі кожная рэлігія імкнецца даказаць, што менавіта яе бог „лепшы“, цяжка прызнаць, што пошук ідэалу ў рэлігіі — гэта правільны шлях» (В. Корбут. Кисть. Холст. Май // СБ. Беларусь сегодня. 4.09.2007).

7. Параўноўваў «Чорны квадрат» Малевіча з дарожным знакам

«Колькі ні глядзі, колькі ні ўглядайся ў трэшчыны фарбаванага слою «Чорнага квадрата», нічога ня выгледзіш. Асабіста я бачу ў ім дарожны знак, кшталту «Праезд забаронены» (П. Васілеўскі. 2015).

Май Данцыг. Трывога. 70-я гг.
Май Данцыг. Трывога. 70-я гг.

8. Большасьць сваіх манумэнтальных палотнаў пісаў без эскізаў

«Свае аграмадныя творы... рабіў без эскізаў. Гэта і сапраўды дзівосна! Адчуваў нутром, імправізаваў. Баяўся „расхаладзіцца“ на эскізе і згубіць эмацыйны зарад... Кідаўся, бы той леў, на палатно...» (І. Юдзіна. Все краски Мая // Минский курьер. 22.11.2013).

Май Данцыг. Аварыя. 1978 г.
Май Данцыг. Аварыя. 1978 г.

9. Пры ім небясьпечна было паказаць слабасьць

Паводле ўспамінаў мастака Рыгора Таболіча, які вучыўся на старэйшых курсах у Мая Данцыга: «...Мэтад яго быў такі: калі вучань даваў хоць маленькую слабінку, ён [Данцыг] хуценька перарабляў яго „пад сябе“. І гэта ён рабіў ня з самымі горшымі... любіў укалоць, прыгаворваючы: „Вазряжай! Вазряжай!“ Пры гэтым зьзяючы вальтэраўскай усьмешкай».

Сам Данцыг напрыканцы жыцьця лічыў, што студэнты сталі горшымі: «...апантанасьці ня бачу... дысцыпліны няма! Маладыя сталі горш ставіцца да працы, яны ня так даражаць ёй. Мяне гэта вельмі засмучае» (П. Васілеўскі. 2015).

Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава
Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава

10. Лічыў, што трэба быць асьцярожным з выказваньнем уласнай думкі

«Гнуткасьць думкі — гэта тое, што адзначае кожнага чалавека, які мысьліць... Уласную думку трэба мець, але не заўсёды яе варта выказваць» (В. Корбут. 2007).

Май Данцыг. Менск. Верхні горад. 1971 г.
Май Данцыг. Менск. Верхні горад. 1971 г.

Аўтар дзякуе мастаку Рыгору Таболічу, мастаку і літаратару Ўладзімеру Сьцяпану.

Рэпрадукцыі карцін узятыя з альбомаў Данцыга савецкага часу.

Фота са старонкі ФБ Уладзімера Сьцяпана зь ягонай ласкавай згоды.

Май Данцыг, 2016 г.
Май Данцыг, 2016 г.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG