Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцэсь Мудроў: «Полацак, скажу па сакрэце, можна любіць толькі на адлегласьці»


Вінцэсь Мудроў

«Падшыванцы» — так называецца новая кніга Вінцэся Мудрова, якая толькі што зьявілася ў выдавецтве «Кнігазбор». Пад яе чырвона-чорнай вокладкай зьмешчаныя дваццаць апавяданьняў, якія тэматычна аб’яднаныя ўзростам і часам дзеяньня галоўных герояў. Усе яны — падлеткі з савецкага маленства аўтара. З нагоды выхаду новай кнігі з празаікам з Наваполацку Вінцэсем Мудровым гаварыла Валянціна Аксак.


— Яшчэ студэнтам Наваполацкага політэхнічнага інстытуту Вы сталі беларускім нацыяналістам, заняўшыся разам з сябрамі падпольным самвыдатам. Альманах «Блакітны ліхтар», які Вы выпускалі, стаўся прычынай пільнай увагі да Вашай пэрсоны з боку спэцворганаў. Як такое магло здарыцца з сынам расейскага савецкага афіцэра?

— Мушу адцеміць, што бацька падчас маіх народзінаў сапраўды служыў у войску, але калі я «акукліўся ў нацыяналіста», ён ужо меў партыкулярны статус.

Наогул сага пра маё гераічнае юнацтва трохі зацягнулася. Тэма гэтая адпрацаваная яшчэ трыццаць гадоў таму, так што не хацелася б чарговым разам таўчы тую самую ваду.

А як здарылася, што я, гарадзкі чувак, стаў, як колісь казалі, на рэйкі Беларушчыны? Тут ёсьць штосьці фаталістычнае. У маладосьці меў бунтарскую душу, вось яна, душа, і ўзбунтавалася супраць акаляючай шэрасьці і тупозу, якога тады было з каптуром. Да таго ж, напярэдадні вызначальнага павароту лёсу (на дварэ быў 1971 год), наведаў Ленінград, дзе стрыечны братан і ягоныя сябры адкрыта пацьвельвалі зь беларусаў. Вось крыўда за свой народ і сублімавалася ў разуменьне, што беларусы (цытую Максіма Горкага) «самы забіты народ у імпэрыі», і з гэтым трэба нешта рабіць.

— Ходзіць показка пра тое, як Вы сталі пісьменьнікам. Маўляў, Мудрову дужа не падабалася, як пішуць беларускія савецкія літаратары і ён у далёкім ужо 1983-м вырашыў ім паказаць, як трэба тое рабіць. Але калі шчыра, то што падштурхнула трыццацігадовага інжынэра з добрым на той час заробкам да занятку бяз пэўных пэрспэктываў і фінансавай стабільнасьці?

— Першы імпульс да літаратурных практыкаваньняў даў сябар Уладзімер Арлоў, які пазначаным часам ужо друкаваўся ў рэспубліканскім друку і падбіваў рушыць па ягоных сьлядах. Я штосьці пісаў на замову для наваполацкай гарадзкой газэты «Химик», але сур’ёзным чынам у гэтую справу не ўлягаў. І вось аднойчы да мяне завітаў яшчэ адзін сябрук, паэт Алехна Мінкін, і я дзеля жарту стаў цытаваць апавяданьні з часопісу «Маладосьць». «Ты б не зубы сушыў, а сеў і напісаў штосьці вартае», — з іроніяй выдаў Алехна. Як пасьля такіх словаў не заняцца самасьцьвярджэньнем. Тут жа падцягнуў да ног тумбачку (у кватэры не было стала) і напісаў пару апавяданьняў. Паслаў іх у памянёны часопіс і праз чатыры гады іх надрукавалі.


— Ваша першая кніга «Жанчыны ля басэйна» якая выйшла ў 1992 годзе, адразу ж зьвярнула на сябе ўвагу крытыкаў і чытачоў. Сакавітая, багатая мова, іранічны стыль, незвычайныя пэрсанажы, якіх можна назваць дзівакамі, а можна і прыдуркамі, вельмі выгодна вылучаюць Вашу прозу і ва ўсіх наступных кнігах. А іх на сёньня ўжо больш дзясятка. І амаль у кожнай падзеі разгортваюцца за савецкім часам. Вось жа і новая — «Падшыванцы» — пра Ваша далёкае савецкае маленства. Што трымае Вашу пісьменьніцкую ўвагу ў тым часе?

— Фраза пра тое, што кніга «зьвярнула на сябе ўвагу крытыкаў і чытачоў», з шэрагу прэамбульных і выклікае кволую ўсьмешку. Калі чым «Жанчыны» і вызначаліся, дык гэта лядашчай паперай і нізкай паліграфічнай якасьцю.

Што да маёй апошняй кніжкі. Аднойчы ў прыватнай перапісцы адна прафэсійная чытачка заўважыла, што ёй надта падабаецца расейская пісьменьніца Нарынэ Абгаран, якая піша пра падлеткаў. Я прачытаў пару твораў Нарынэ і вырашыў напісаць штосьці падобнае, аформіўшы асобнай кнігай. І каб яе маглі прачытаць і падлеткі, і дарослыя. Падлеткі, праўда, чытаць ня будуць з прычыны няведаньня беларускай мовы, а вось аднагодкам раю пачытаць. Хаця б дзеля таго, каб згадаць юнацтва.

— Вы ня ладзіце ні аўтограф-сэсіяў, ні прэзэнтацыяў сваіх новых кніг. Няўжо Вам сапраўды зусім не цікава сустрэцца з Вашымі чытачамі? Можа нават скласьціся ўражаньне, што Вы абыякавыя, калі не сказаць больш рэзка, да пачуцьцяў прыхільнікаў Вашай творчасьці. Ці так гэта?

— Каб адпавядаць патрабаваньням часу, трэба мець адпаведны імідж. А папросту кажучы, трэба быць маладым і сучасным. Ня думаю, што тую ж жаночую аўдыторыю зацікавяць літаратурныя Мафусаілы.

Зараз наогул назіраецца тэндэнцыя зрабіць зь пісьменьніка падабізну лява Баніфацыя. Каб ён ня толькі апавядаў пра творчую кухню ды дэклямаваў свае творы, але і забаўляў публіку. Магчыма, у хуткім часе пісьменьнікі на творчых сустрэчах пачнуць выконваць ірляндзкі стэпданс, ці дэманстраваць фокусы з тэнісным шарыкам — даставаць іх, са зьведзенымі да пераносься вачыма, з роту. У сытуацыі, калі пісьменьнікаў больш, чым чытачоў, трэба, як казаў сп. Гарбачоў, шукаць новыя падыходы.

— Ляўрэат прэміі часопіса «Крыніца»(1998), ляўрэат прэміі «Залаты апостраф»(2010), трэцяе месца Прэміі Гедройця (2014) за зборнік апавяданьняў «Багун», трэцяе месца Прэміі Гедройця (2018) за зборнік апавяданьняў «Забойца анёла», ляўрэат прэміі «Празрысты Эол» (2019) за лепшую онлайн публiкацыю. Ні на адну з цырымоніяў уручэньня Вам гэтых прэмій Вы не прыехалі з роднага Наваполацку ў Менск. Чаму?

— Трэсьціся ў маршрутцы тры з паловай гадзіны ў адзін бок, каб атрымаць надрукаваную на прынтары грамату? Я на такое ня здольны. Дый грошай на праезд шкада, пагатоў зьбіраю іх на выданьне кніг, адкладаючы з пэнсіі. А вось пры канцы мінулага стагодзьдзя дакладна б рынуў на тыя ўганараваньні, прычым, без сумневаў і згрызотаў. І вярнуўся праз пару дзён з жэстачайшай алькагольнай інтэнсыфікацыяй. І грамату, відавочна, згубіў бы па дарозе. А так, дзякаваць Б-гу, нікуды не паехаў, і гедройцаўская грамата, дакладней, сэртыфікат, і дагэтуль стаіць за шклом кніжнай шафы.

— А цяпер пытаньне крыху пра іншае. Некаторыя літаратуразнаўцы лічаць, што пісьменьнікі-палачане, і Вы ў іх ліку, адрозныя сваім талентам ад прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў. І што існуе нават такая зьява, як полацкая літаратурная школа. Што Вы думаеце на гэты конт?

— «Літаратурны выбух», калі ў адным горадзе зьявілася адразу некалькі маладых празаікаў, адбыўся ўсё ж такі ў Наваполацку, а ня ў Полацку. А што я думаю на гэты конт? Думаю з жалем, што літаратурнае кола даволі хутка закацілася ў іншыя мясьціны, не пакінуўшы адметнага сьледу. Я пра тое, што мы ня выхавалі годнай літаратурнай зьмены.


— У Полацку на помніку літары Ў выбітыя некалькі радкоў з верша Рыгора Барадуліна «Полацкі мэнталітэт», якім народны паэт азваўся на вызначэньне адметнасьці жыхароў Вашага краю, зробленае літаратарам-палачанінам Уладзімерам Арловым. Ці бачыце Вы ў сваіх земляках нешта тое, чаго няма, скажам, у гарадзенцаў ці берасьцейцаў? І што гэта такое, на Вашу думку, — полацкі мэнталітэт?

— Само слова «мэнталітэт» крыху насьцярожвае, індукуючы ў сьвядомасьці міліцыянта і эвэнкійскага пісьменьніка Алітэта Нямтушкіна. Ну, а цытаваныя словы Рыгора Іванавіча разглядаю як паэтычны троп. Полацак, скажу па сакрэце, можна любіць толькі на адлегласьці. Калісьці Алесь Дудар ехаў сюды такім жа паэтычна экзальтаваным, як і Рыгор Барадулін. Дзіва што… Полацак… бацька гарадоў беларускіх, калыска духовасьці і ўсё такое… А пажыўшы колькі месяцаў прасіў сяброў, прычым, напрамілы б-г, яго адсюль забраць. У сваіх развагах, адчуваю, ня маю рацыі. Гэта таму, што душа ў мяне не паэтычная, а празаічная.

— Што і пра што Вы пішаце цяпер, у такі складаны і небясьпечны час, калі па плянэце нястрымна гуляе сьмяротная зараза? Ці не пакінуў Вас іранічны погляд на сьвет?

— У дадзены момант рыхтуюся да сустрэчы са згаданай гулякай. Напісана ўжо даволі шмат, але тэксты не сыстэматызаваныя, стылістычна не апрацаваныя. Так што зараз іх габлюю і даводжу да больш-менш друкабельнага выгляду. Усё ж у глыбіні душы кволіцца надзея, што імі калісьці і хтосьці зацікавіцца. Ну і рыхтую чарговы зборнік — замес экзыстэнцыялізму і колішніх савецкіх рэаліяў, — з адпаведнай назвай: «Мэліярацыя з Альбэрам Камю».

— Мэдыкі заклікаюць на пэрыяд пандэміі да самаізаляцыі. Вас неяк гэта закранула, нешта зьмяніла ў Вашым звыклым раскладзе жыцьця і творчасьці?

— Я ўжо гадоў дзесяць знаходжуся ў самаізаляцыі, так што заклікі мэдыкаў мяне практычна не закранулі. Сяджу ў сваім катуху, пішу кнігі, якія, збольшага, нікому не патрэбныя, потым іх выдаю за свой кошт і рассылаю сябрам і знаёмым. Малюнак, як на здаровую галаву, фантасмагарычны. Але для сытуацыі пандэміі — сама тое.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG