Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма чым плаціць». Прадпрымальнікі зладзілі масавы паход у адміністрацыю «Экспабелу», каб зьменшыць арэнду


Прадпрымальнікі зь менскага гандлёвага цэнтру «Экспабел», 22 красавіка 2020 году

Прадпрымальнікі зь менскага гандлёвага цэнтру «Экспабел» правялі масавы паход у адміністрацыю з патрабаваньнем зьменшыць арэндную плату ва ўмовах эпідэміі каранавірусу.

Спачатку сабралася каля 300 чалавек, але да адміністрацыі дайшлі каля 150, сказаў карэспандэнту Свабоды прадпрымальнік Аляксандар.

«Раней мы ўжо насілі лісты ў адміністрацыю, пад якімі было 370 подпісаў адносна зьніжэньня арэнды на 50% пакуль што на адзін месяц і магчымасьці, калі нехта ня можа аплаціць своечасова, даць растэрміноўку да канца лета. Нам сёньня адказалі, што ніякіх зьніжэньняў ня будзе. На гэтым усё. Хутка пачынаецца наступны месяц, і сытуацыя такая, што ў людзей няма чым плаціць», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадпрымальнік Аляксандар.

Паводле Аляксандра, у прадпрымальнікаў скончыўся тавар, бо «Масква закрылася».

«Мы ня можам набыць новы тавар, прадаць, на рынках няма пакупнікоў. Калі ў цябе тры дні нуль, напрыканцы ты прадаеш на 150 рублёў, то аддаць тысячу рублёў рынку за арэнду — гэта нерэальна. Проста ўсе грошы аддаём, і нічога не застаецца. Усе хочуць проста дагрукацца да адміністрацыі».

Прадпрымальнікі плянуюць правесьці паўторны сход каля ўваходу ў «Экспабел» у пятніцу а 14-й гадзіне.

Паводле кіраўніка аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, у Менску амаль усюды ёсьць зьніжэньне арэнднай стаўкі ад 15 да 70%. На «Экспабеле» прапанова прадпрымальнікаў зьменшыць арэнду ігнаруецца цалкам.

«Насамрэч на гэтым гандлёвым аб’екце ніякіх зьніжак няма, у адрозьненьне ад іншых рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Больш за тое, у нас ёсьць адказ, дзе адміністрацыя гэтага гандлёвага цэнтру паведамляе, што на сёньняшні дзень межы адкрытыя, надзвычайнага становішча няма, сытуацыя кантралюецца ўрадам і наогул усё гэта можа прывесьці да росту эканамічных паказчыкаў», — кажа Анатоль Шумчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG