Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне склалі пратакол на сьвятара за залатыя купалы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сьвятара Ўсьпенскай царквы ў вёсцы Чарацянка на Гомельшчыне Паўла Харламава склалі адміністрацыйны пратакол за рамонт царквы бяз згоды чыноўнікаў.

Што за царква?

Царкву пабудавалі ў 1865–1868 гадах у псэўдарускім стылі. Царква мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, таму праводзіць яе рэстаўрацыю без узгадненьня зь Міністэрствам культуры забаронена.

Як адрамантавалі царкву?

Замест блакітных купалоў-цыбулін пасьля рамонту на царкве зьявіліся залатыя купалы, фасад перафарбавалі ў жоўты, паставілі плястыкавыя вокны.

Рэстаўрацыю праводзілі на грошы эпархіі і ахвяраваньні прыхаджан.

Ці будуць рамантаваць царкву зноў?

У райвыканкаме адзначылі, што калі ў выніку прызнаюць, што царкве трэба вярнуць яе першапачатковы выгляд, перарабляць купалы храм таксама будзе за свой кошт, піша «Наша Ніва». Бюджэтных сродкаў на гэта ня выдзеляць.

«Адбудзецца пасяджэньне, спэцыялісты паглядзяць, якія парушэньні былі дапушчаныя. Дакумэнты зь першапачатковым выглядам царквы будзем запытваць у архіве эпархіі», – сказала кіраўніца аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкаму Аксана Хімакова.

Якія яшчэ цэрквы рэстаўравалі незаконна?

У вёсцы Рухча Столінскага раёну адбылася незаконная «рэканструкцыя» старажытнай царквы. Драўляную царкву ў гонар Нараджэньня Багародзіцы XVIII стагодзьдзя абшылі вагонкай і замянілі вокны на плястыкавыя. Цяпер Берасьцейскі аблвыканкам рыхтуе матэрыялы для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG