Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкае «Радыё Марыя» сьцьвяржае, што ім пяты раз адмовілі ў рэгістрацыі. Мінінфармацыі: «Яны не падавалі дакумэнты»


Ілюстрацыйнае фота. Сайт «Радыё Марыя» ў Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Сайт «Радыё Марыя» ў Беларусі

Пяты ўжо раз каталіцкаму «Радыё Марыя» ў Беларусі адмовілі ў ліцэнзіі СМІ, безь якой яно ня можа атрымаць частоты вяшчаньня і трапіць у радыёпакет Белтэлекаму Zala, паведамляе сайт Katolik.Life.

«Працэдура падачы заяўкі на ліцэнзію СМІ ў нашым выпадку звычайна выглядала так: плаціш 27 тысяч рублёў, прыносіш тону паперы, чакаеш месяц. Грошы месяц гуляюць па дзяржаўных рахунках. Месяц Міністэрства інфармацыі маўчыць. У самы апошні дзень дасылаюць адмоўны адказ. Прычына — умоўна, коска ня ў тым месцы. Грошы, праўда, вяртаюць», — расказала ўдзельніца каманды валянтэраў Яўгенія Найдовіч.

Паводле валянтэркі, некалькі разоў у выдачы ліцэнзіі адмаўлялі з «размытых прычын», потым прапаноўвалі падаць заяўку пасьля прыняцьця новага закону аб СМІ, але і гэта не дапамагло, ім адказалі: «Ну вы ж разумееце, пры ўсёй павазе да вас мы ня можам прыняць гэтае рашэньне, выбачайце».

Тыдзень таму каманда «Радыё Марыя» зрабіла яшчэ адну спробу зарэгістравацца — у форме ліста-зварота ад імя ўсіх слухачоў з усёй Беларусі:

«Папрасілі проста даць нам дазвол вяшчаць. Асабліва там, дзе далёка, дзе ёсьць частоты і яны не запатрабаваныя», — кажа Яўгенія.

На просьбу зноў атрымалі адмову.

Адзіная магчымасьць, якая застаецца ў «Радыё Марыя» ў Беларусі — трансьляцыя праграм праз інтэрнэт. Але, паводле Яўгеніі, у многіх слухачоў няма магчымасьці ім карыстацца, бо вялікая колькасьць зь іх — старыя людзі, шмат хто жыве па вёсках, дзе ня ловіць інтэрнэт, «у пераважнай большасьці няма ўвогуле ані кампутара, ані тэлефона, альбо плата за інтэрнэт па сучасных тарыфах — гэта дорага».​

Мінінфармацыі: «Сёлета „Радыё Марыя“ не падавала дакумэнты на рэгістрацыю»

Загадчыца сэктару рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі і кантролю за выкананьнем заканадаўства Беларусі Ларыса Мяльгуй заявіла Свабодзе, што сёлета «Радыё Марыя» не падавала дакумэнты на рэгістрацыю СМІ.

«Калісьці, у мінулым ці пазамінулым годзе, яны падавалі дакумэнты, але ня ў гэтым», — сказала Ларыса Мяльгуй.

Начальнік упраўленьня электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Бабцоў у камэнтары Свабодзе сказаў, што «пры ім гэта першы зварот» і ён нічога ня ведае наконт пятай адмовы.

«Не магу сказаць наконт пятай адмовы. Пры мне гэта быў першы зварот. Мы ў лісьце дакладна ім адказалі, што для таго, каб атрымаць ліцэнзію на вяшчаньне, трэба атрымаць рэгістрацыю СМІ. Гэтым займаецца юрыдычнае ўпраўленьне Міністэрства інфармацыі. Потым неабходна вырашыць пытаньне з радыёчастотным спэктрам, атрымаць частоты. Гэтым займаецца Міністэрства сувязі і Камісія па радыёчастотным спэктры пры Савеце бясьпекі. А потым ужо трэба зьвяртацца па ліцэнзію», — паведаміў Уладзімер Бабцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG