Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пажары дайшлі да беларускай мяжы. ВІДЭА


Пажар у Жытомірскай вобласьці, 18 красавіка 2020 году
Пажар у Жытомірскай вобласьці, 18 красавіка 2020 году

Украінцы пачалі прасіць дапамогі ў МНС Беларусі.

Ва Ўкраіне змагаюцца зь ляснымі пажарамі, якія з 4 красавіка пашырыліся на дзясяткі тысяч гектараў у Кіеўскай і Жытомірскай абласьцях, у тым ліку ў зоне адчужэньня ЧАЭС.

Іх ліквідуюць сіламі пажарных, лясных гаспадарак і Ўзброеных сілаў Украіны.

Пагарэлыя вёскі ў Жытомірскай вобласьці. Відэа Дзяржаўнай службы Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях:

Паводле дырэктара дэпартамэнту рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі Ўладзіміра Дземчука, найбольш складаны асяродак пажару — паблізу былога паселішча Рудзькі. Гэта адселеная вёска, якая тэрытарыяльна належала да Іванкаўскага раёну Кіеўскай вобласьці. Яна ўсяго за некалькі кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю.

«Робіцца ўсё, каб не дапусьціць пераходу агню на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У працах па лякалізацыі пажараў задзейнічаныя пажарныя разьлікі, інжынэрная тэхніка і тры гелікоптэры», — паведаміў Уладзімір Дзямчук.

Паводле ягоных слоў, за апошнія суткі, каб спыніць распаўсюд полымя, праклалі 85 кілямэтраў мінэралізаваных палос (так называецца паласа, зь якой зьнята ўсё, што магло б гарэць, аж да мінэральнага слою глебы). У тушэньні пажараў у Кіеўскай і Жытомірскай абласьцях удзельнічаюць 2 тысячы чалавек. Асноўныя сілы сканцэнтраваныя на тушэньні пажараў на тэрыторыі Выступовіцкага і Славечанскага лясьніцтваў на Жытоміршчыне — непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю.

«Для ліквідацыі пажараў на тэрыторыі Жытомірскай вобласьці ў Выступовіцкім і Славечанскім лясьніцтвах далучана 960 асобаў і 60 адзінак тэхнікі. Мы падтрымліваем камунікацыю зь Міністэрствам надзвычайных сытуацый Рэспублікі Беларусь адносна супольнага выкананьня захадаў для ліквідацыі пажараў. Працягваем працаваць у кругласутачным рэжыме», — падкрэсьліў Уладзімір Дзямчук.

Украінцы просяць дапамогі ў Беларусі

Занепакоеныя маштабамі лясных пажараў, украінцы пачалі наўпрост зьвяртацца па дапамогу да беларускага МНС.

Кіраўнік Асацыяцыі чарнобыльскіх турапэратараў Яраслаў Емяльяненка са спасылкай на пажарных, якія працуюць у зоне адчужэньня, паведамляе, што для эфэктыўнасьці намаганьняў ім патрэбна падтрымка з паветра:

«Некалькі дзясяткаў самалётаў маглі б канчаткова патушыць пажар. Я ня ведаю, дзе ўзяць дзясяткі самалётаў. Калі іх няма ў дзяржавы, мае сэнс зьвярнуцца па дапамогу да іншых дзяржаў. Дарэчы, Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі гатова дапамагчы, але бяз просьбы нашай дзяржавы — ня маюць права».

У камэнтарах пад гэтым допісам карыстальнікі Фэйсбуку публікуюць фота свайго ліставаньня з МНС Беларусі, якое адказвае, што ўкраінскія ўлады па дапамогу не зьвярталіся.

У чарнобыльскай зоне Ўкраіны пажары пачаліся 4 красавіка з наўмыснага падпалу. Праз 10 дзён полымя ўшчыльную наблізілася да аб’ектаў Чарнобыльскай АЭС, але тады верхавыя пажары ўдалося зьлікідаваць.

Празь некалькі дзён з прычыны моцнага ветру пажары зноў пачалі шырыцца. Дым і пах гару даляцеў нават да ўкраінскай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG