Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за суткі 575 новых выпадкаў, інфікаваныя 419 мэдыкаў, школа — з 20 красавіка. Вынікі 17 красавіка


Фота з Асіповічаў, дзе на COVID-19 захварэлі 12 мэдыкаў.
Фота з Асіповічаў, дзе на COVID-19 захварэлі 12 мэдыкаў.

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 17 красавіка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

  • На вечар 17 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2,231 мільёна выпадкаў COVID-19: 686 тысяч у ЗША, 188 тысяч у Гішпаніі, 172 тысячы ў Італіі, 165 тысяч у Францыі, 138 тысяч у Нямеччыне, 108 тысяч у Вялікай Брытаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 79 тысяч у Іране, 78 тысяч у Турэччыне.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 17 красавіка, пацьверджаныя 4779 выпадкаў​ COVID-19, памерлі 42 чалавекі, за суткі выяўленыя 575 новых выпадкаў.
  • Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Караніка, 90 супрацоўнікаў «хуткай дапамогі» ў Менску заразіліся каранавірусам, у краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі каля 90 чалавек знаходзяцца на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
  • Беларускія школьнікі пачнуць вучыцца з 20 красавіка. Прадстаўніца Мінадукацыі патлумачыла, што рашэньне тычыцца «усіх школаў без выключэньня, а калі хто ня хоча вадзіць дзяцей у школу, гэта іх права, хай пішуць заявы». Лукашэнка адмяніў для школьнікаў выходны 1 траўня. Суботы таксама будуць вучэбным днём
  • Падчас наведваньня Лідзкага раёну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дарожная інфраструктура важнейшая за каранавірус: «Псыхоз павінен быць вакол мастоў».
  • Урад абмежаваў рост цэнаў на на мяса, рыбу, малако на тры месяцы.
  • Мінабароны пацьвердзіла яшчэ 2 выпадкі каранавірусу сярод вайскоўцаў.
  • Ад 300 да 4 тысяч рублёў будуць даплачваць мэдыкам за працу ва ўмовах эпідэміі.
  • ЗША выдзеляць больш за $500 мільёнаў іншым краінам на барацьбу з COVID-19.
  • Вялікая Брытанія падоўжыла карантын яшчэ на тры тыдні.
  • Кітай даставіў у Беларусь у якасьці дапамогі 100 тысяч тэстаў на COVID-19

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG