Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктарка дзіцячай лякарні: У сямі мэдыкаў знайшлі каранавірус


Ілюстрацыйнае фота

У сямі мэдыкаў 4-й гарадзкой дзіцячай клінічнай лякарні ў Менску выявілі COVID-19. А двух пацыентаў перавялі ў інфэкцыйную лякарню. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла супрацоўніца лякарні.

Галоўны лекар бальніцы Віталь Лужынскі ня стаў камэнтаваць гэтую інфармацыю.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«Каранавірус выяўлены ў 7 мэдыкаў, зь іх адна супрацоўніца памерла ад ускладненьняў, выкліканых вірусам. Гэта супрацоўнікі алергалягічнага, пэдыятрычнага аддзяленьняў і гарадзкога афтальмалягічнага цэнтру. Але на ўзроўні адміністрацыі ўсе маўчаць. Таксама двое дзяцей з COVID-19 былі пераведзеныя ў інфэкцыйную лякарню», — сказала Свабодзе лекарка на ўмовах ананімнасьці.

Паводле яе, у лякарні ня ўсе супрацоўнікі маюць сродкі засьцярогі, мусяць іх проста «выбіваць». А аднаразовымі рэчамі карыстаюцца як шматразовымі.

«Такое адчуваньне, што ўсім усё роўна. Самае страшнае, што нехта з супрацоўнікаў прынёс вірус у адно з аддзяленьняў, і ён там распаўсюдзіўся. І асаблівых захадаў, каб засьцерагчы пацыентаў, якія знаходзяцца на лекаваньні ў гэтым аддзяленьні, прынята не было. Гэта ўсё насьцярожвае, і ты адчуваеш сябе безабаронным», — кажа лекарка.

Цяпер у лякарні плянавыя наведваньні скасавалі, але яшчэ на мінулым тыдні пацыенты прыходзілі на плянавыя агляды і кансультацыі.

Лекарка кажа, што інфармацыю хаваюць на загад зьверху, каб не рабіць панікі, а мэдычныя работнікі ня хочуць працаваць без нармальных сродкаў засьцярогі і рызыкаваць ня толькі сваім здароўем, але і сваіх блізкіх.

«Я не магу цяпер гарантаваць, што я ня носьбіт вірусу, хоць я старалася нікуды не хадзіць», — сказала лекарка.

Галоўны доктар Віталь Лужынскі сказаў, што супрацоўнікі бальніцы маюць сродкі засьцярогі ў дастатковай колькасьці, атрымлівалі іх учора, сёньня, і ў панядзелак выдадуць новыя.

Як паведаміў на брыфінгу 17 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, на ўчорашні дзень, 16 красавіка, у Беларусі было пацьверджана агулам 419 выпадкаў заражэньня каранавірусам мэдыкаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG