Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп і губэрнатары. Хто будзе «адкрываць» Амэрыку


Пратэст супраць падаўжэньня карантыну ў Мічыгане 15 красавіка.

Прэзыдэнт Трамп вельмі хацеў бы як мага хутчэй зьняць карантын, але губэрнатары маюць намер рабіць гэта па ўласным меркаваньні. Пра гэта піша карэспандэнт Свабоды ў ЗША Ўладзімір Абарынаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

На пачатку гэтага тыдня губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома паведаміў доўгачаканую навіну: у барацьбе з пандэміяй каранавірусу адбыўся пералом, становішча стабілізавалася. Задачай карантыну і іншых санітарных прадпісаньняў было, як выказваюцца амэрыканскія экспэрты, «расцягнуць крывую», гэта значыць дамагчыся, каб крывая заражэньняў і сьмерцяў перастала паўзьці ў гару.

Становішча ў горадзе Нью-Ёрк застаецца вельмі сур’ёзным. Штодня каранавірус дыягнастуюць у сярэднім у 2000 чалавек, кожны дзень паміраюць сотні. Але гэтая колькасьць не расьце імкліва, як раней, а застаецца на тым жа ўзроўні.

У той жа дзень прэзыдэнт Трамп заявіў пра свой намер «адкрыць краіну», як ён выказваецца, гэта значыць зьняць карантын калі не з усёй Амэрыкі, то з асобных штатаў, да 1 траўня. «Больш за 20 штатаў, — сказаў ён, — у асабліва добрым становішчы, і мы лічым, што зможам адкрыць іх даволі хутка, а за імі рушаць усьлед астатнія».

Аднак у журналістаў прэзыдэнцкага пула паўстаў сумнеў: ці мае права прэзыдэнт адмяніць карантын, калі губэрнатары штатаў ня хочуць гэтага?

— Спадар прэзыдэнт, якое палажэньне Канстытуцыі дае прэзыдэнту ўладу адкрываць або закрываць эканомікі штатаў?

— Мноства палажэньняў. Мы дамо вам юрыдычную даведку, калі хочаце.

— Зь нецярпеньнем будзем чакаць. Ну а калі вы скажаце, напрыклад, Каліфорніі або Нью-Ёрку «адкрываецца», а яны не адкрыюцца, што вы тады зробіце?

— Думаю, усе хочуць адкрыцца. Такое, мабыць, можа здарыцца, але ня думаю, што здарыцца.

— Але ж гэта штаты закрывалі, школы, рэстараны і бары...

— Гэта таму што я дазволіў. Калі б я захацеў, я б адмяніў іх рашэньне... Усё вельмі проста: прэзыдэнт Злучаных Штатаў мае паўнамоцтвы рабіць тое, на што мае паўнамоцтвы, а яны вельмі магутныя. Рашэньні прымае прэзыдэнт Злучаных Штатаў.

Пазьней на тым жа брыфінгу Дональд Трамп заявіў, што ў прэзыдэнта «абсалютныя паўнамоцтвы».

Аднак гэта не так. Фэдэральная ўлада створаная штатамі. Яны дэлегавалі фэдэральнаму ўраду спэцыяльна пералічаныя правы — права зьбіраць падаходны падатак, вырабляць грошы, абарону і зьнешнюю палітыку. Усё, што не згадана ў гэтым пераліку, — кампэтэнцыя штатаў. Так сказана ў 10-й папраўцы да Канстытуцыі ЗША.

Пра гэта ў той жа дзень нагадаў прэзыдэнту губэрнатар Куома.

— Калі прэзыдэнт Трамп загадае адкрыць Нью-Ёрк такога чысла, што вы зробіце?

— Калі ён загадае мне адкрыць такім чынам, што гэта паставіць пад пагрозу здароўе жыхароў штата, я не зраблю гэтага. І ў нас паўстане канстытуцыйная спрэчка паміж штатам і фэдэральным урадам, яна будзе вырашацца ў судовым парадку, і гэта будзе горшае, што ён можа зрабіць у гэты момант.

Эндру Куома — дэмакрат, а прэзыдэнт — рэспубліканец. Прыхільнікі прэзыдэнта ўгледзелі ў гэтым непадпарадкаваньні палітычнае супрацьстаяньне. Адзін з гэтых прыхільнікаў — радыёкаментатар Раш Лімба, якога Трамп нядаўна ўганараваў вышэйшай дзяржаўнай узнагародай для грамадзянскіх асобаў — Прэзыдэнцкім Мэдалём волі.

Мне падазроны кожны, хто ня хоча, каб эканоміка пачалася зноў. Гэта павінна быць мэтай нумар адзін для кожнага, уключаючы мэдыкаў. Нават калі гэта толькі жаданьне, мы павінны жадаць гэтага. Калі я бачу людзей, якіх гэта не цікавіць, я нічога не магу з сабой зрабіць — яны мне падазроныя. Гэта павінна быць пераважным жаданьнем кожнага. Мы руйнуем эканоміку! Кожны дзень, калі яна не працуе, яна руйнуецца. Кожны дзень. Мы робім гэта дзеля саміх сябе.

Аднак з аналягічнымі камэнтарамі выступілі і губэрнатары-рэспубліканцы, а таксама чальцы Кангрэсу ад Рэспубліканскай партыі. І рэч тут ня толькі ў рэўнасьці да сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў. Яны перакананыя, што заўчасная адмена карантыну можа павярнуцца новай хваляй пандэміі. Да таго ж эканоміцы нічога нельга загадаць. Яна залежыць ад спажыўца. Рэстаран або спартовую арэну адкрыць можна, але ці пойдуць туды людзі?

На думку Трампа, людзі засядзеліся ў карантыне і запоўняць грамадзкія месцы, як толькі гэтыя месцы адкрыюцца. Але досьвед кажа іншае. У 2011 годзе камэрцыйныя авіялініі не працавалі ўсяго два дні, 11 і 12 верасьня, але верасьнёўскі пасажырапаток апынуўся ўдвая меншым, чым у жніўні. Амэрыцы патрэбны будзе доўгі тэрмін вяртаньня да ранейшага ладу жыцьця, калі ён увогуле застанецца ранейшым.

Вось меркаваньне калюмніста New York Times Пола Кругмана — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы.

— Вы чулі, што сказаў прэзыдэнт: «Я павінен прыняць рашэньне і спадзяюся, што з Божай дапамогай яно будзе слушным». Што вы думаеце — якое рашэньне будзе слушным у дачыненьні да адкрыцьця краіны да нармальнай эканоміцы?

Цалкам відавочна, што для гэтага спатрэбіцца шмат часу. Эпідэміёлягі, а менавіта да іх трэба цяпер прыслухоўвацца, кажуць, што ў нас усё яшчэ занадта шмат інфіцыраваных людзей, пераносчыкаў вірусу. Занадта шмат, каб можна было казаць аб хуткім адкрыцьці эканомікі. Калі мы зробім гэта, мы вельмі хутка вернемся на больш высокі ўзровень. Нам удалося расьцягнуць крывую, але крывая ўсё яшчэ занадта высокая. Трэба дамагчыся, каб яна пайшла на спад, перш чым можна будзе казаць аб вяртаньні да нармальнай дзелавой актыўнасьці.

Паслухаўшы меркаваньні губэрнатараў, прэзыдэнт напісаў у твітэры:

Скажыце губэрнатарам-дэмакратам, што адзін з маіх любімых фільмаў — «Бунт на «Баўнці». Стары добры бунт, на які забаўна паглядзець у кіно, асабліва калі мяцежнікам так шмат трэба ад капітана. Гэта так лёгка!

  • «Бунт на «Баўнці» фільм пра мяцеж супраць капітана на брытанскім караблі «Баўнці» у 1789 годзе. Прэзыдэнт нагадвае сваёй рэплікай, што губэрнатары патрабавалі ад яго мэдыцынскага абсталяваньня, а цяпер адмаўляюцца падпарадкоўвацца. У фільме мяцежнікі высадзілі капітана ў шлюпку, і ён цудам выратаваўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG