Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 58 гадоў памёр віцебскі праваабаронца Аляксандар Мікулін, яго пахавалі ў закрытай труне


Аляксандар Мікулін
Аляксандар Мікулін

Памёр віцебскі праваабаронца Аляксандар Мікулін. Ён быў сябрам цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», а таксама актывістам палітычных арганізацый — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і «Гавары праўду».

Паводле кіраўніка цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Воўчака, разам з Аляксандрам Мікуліным яны адпрацавалі поруч два дзясяткі гадоў — той далучыўся да працы ў 2000-м.

Яму было 58 гадоў. Служыў у сыстэме МУС, быў ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля адстаўкі з органаў замест пэнсіі прысьвяціў сябе праваабарончай дзейнасьці. Шмат каму дапамог абараніць свае правы як у Віцебску, так і ў іншых рэгіёнах.

«Зусім нядаўна мы размаўлялі, гаварылі пра захады бясьпекі падчас пандэміі, — прыгадвае Алег Воўчак. — Саша казаў, што з дому стараецца не выходзіць, усё цудоўна разумее. І вось раптам такая навіна... Той, хто думае, што каранавірус — гэта недзе там, абміне яго — проста не разумее ўсёй небясьпекі, якая навісла над намі...»

Паводле Алега Воўчака, нягледзячы на дыягназ «інфаркт», хавалі Аляксандра Мікуліна ў закрытай труне — як і ўсіх грамадзян «пэўнай катэгорыі», дадае праваабаронца.

Меры засьцярогі падчас разьвітаньня пацьвердзіў і лідэр БСДП Ігар Барысаў, чыім аднапартыйцам быў Мікулін.

«Хавалі хутка і ў закрытай труне. Таму ня выключана, што памёр ад усладненьняў, выкліканых каранавірусам», — дапускае палітык.

Сябры праваабаронцы адзначаюць, што раней Аляксандар Мікулін ляжаў у лякарні з пнэўманіяй. Пахаваны ён побач з бацькам, на могілках у вёсцы Альгова пад Віцебскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG