Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дай дарогу!», Akute і Shuma выступяць у новым дабрачынным інтэрнэт-праекце


Гурт «Дай дарогу!» на канцэрце 10 траўня 2019 году
Гурт «Дай дарогу!» на канцэрце 10 траўня 2019 году

Новая плятформа Artist Gives анансавала шэраг онлайн-канцэртаў беларускіх, украінскіх і расейскіх музыкаў, у час якіх будуць зьбірацца грошы на дабрачыннасьць. Заснавальнік сэрвісу — канцэртны дырэктар гурту «ЛСП» Ян Папкоў.

Ужо анансавалі такія канцэрты:

  • 18 красавіка — «Дай дарогу!»;
  • 19 красавіка — Akute;
  • 20 красавіка — Пётра Клюеў;
  • 21 красавіка — Лера Яскевіч;
  • 22 красавіка — DaKooka (Украіна);
  • 23 красавіка — Антон Бэндэр (Расея);
  • 24 красавіка — Mustelide;
  • 25 красавіка — Shuma;
  • 26 красавіка — «Мы/We» (Украіна);
  • 5 траўня — Palina;
  • дата пакуль ня вызначаная — Аня Жданава, «Разьбітае сэрца пацана», Uzari, O.Torvald (Украіна), Bah.Roma (Украіна).

Сэрвіс, зарэгістраваны ў Латвіі, не разьмяркоўвае грошы сам — музыкі выбіраюць, каму пойдуць ахвяраваньні гледачоў.

Так, «Дай дарогу!», Лера Яскевіч, Mustelide і Shuma ўжо вырашылі, што накіруюць грошы часопісу «Имена» на куплю сродкаў засьцярогі для беларускіх мэдыкаў (там ужо сабралі 223,5 тысячы рублёў), а ўкраінцы DaKooka і «Мы/We» — на такія ж сродкі для ўкраінскіх лекараў.

Як расказвае Tut.by, доступ да трансьляцыяў і запісаў канцэртаў бясплатны толькі цяпер, у часы пандэміі каранавірусу. Пазьней на сайце зьбіраюцца зрабіць доступ у абмен на ахвяраваньне грошай дабрачыннаму праекту. Арганізатар Artist Gives Ян Папкоў кажа, што сайт пакідае сабе 10% сабраных грошай, каб забясьпечыць працаздольнасьць праекту.

Канцэрты ня толькі там

Цяпер шэраг беларускіх музыкаў дае інтэрнэт-канцэрты. Часта выступы ладзіць праект «Арт Сядзібы» «Бясьпечны Live» — там ужо выступілі :B:N:, Akute, Алег Хаменка, Angst і іншыя. У эфіры Onliner.by ігралі J:mors, «Петля пристрастия» і Лера Яскевіч.

Лявон Вольскі сам даў вялікі інтэрнэт-канцэрт на Дзень Волі, паралельна з тым каманда #БНР100 ладзіла свой сьвяточны стрым. Цяпер Вольскі ладзіць інтэрнэт-тур з унікальнымі канцэртамі для шэрагу краінаў.

Польскі інстытут у Менску тым часам запрашае да ўдзелу ў цыкле літаратурных онлайн-сустрэч «Санаторый пад клепсідрай». Сустрэчы будуць адбывацца ў прамым эфіры на старонцы ў Facebook кожны аўторак а 17.00. Першая будзе 21 красавіка з удзелам паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча — яе прысьвецяць творчасьці чэскага паэта і празаіка Чэслава Мілаша.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG