Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 6 лікёра-гарэлачных заводах Беларусі цяпер выпускаюць антысэптыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Лікёра-гарэлачныя заводы ў кожнай з шасьці абласьцей наладзілі выпуск дэзынфэкцыйных сродкаў. Разьлітыя ў бутэлькі антысэптыкі адпраўляюць у РУП «Белфармацыя».

Інфармацыю пра гэта Свабодзе пацьвердзілі на саміх заводах.

Антысэптыкі цяпер выпускаюць у наступных гарадах і вёсках: Багушэўск (Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці), Бродніца (Іванаўскі раён Берасьцейскай вобласьці), Клімавічы (Магілёўская вобласьць), Любань (Менская вобласьць), Гомель і Горадня. Усе гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у холдынг «Менск Крышталь Груп».

Да нядаўняга часу вытворчасьць антысэптыкаў была толькі на Горадзенскім лікёра-гарэлачным заводзе. Для астатніх пяці прадпрыемстваў гэта новая прадукцыя. За кароткі тэрмін заводы распрацавалі рэцэптуру, прайшлі сэртыфікацыю і атрымалі ліцэнзію на выпуск антысэптыкаў.

Для ўсіх заводаў выпуск дэзынфэкцыйныя сродкаў пакуль застаецца дадатковай вытворчасьцю. Але з ростам попыту тут гатовыя павялічваць іх выпуск.

23 тоны антысэптыку за дзень павінны выпускаць лікёра-гарэлачныя заводы. Пра гэта на мінулым тыдні казаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, паведамляла БелТА . Міністар удакладніў, што лікёра-гарэлачныя заводы выпускаюць антысэптыкі ў вялікай тары, аб’ёмам 5-10 літраў, бо яны прызначаныя для арганізацый аховы здароўя. Ужо на месцах антысэптык разьліваюць па малых ёмістасьцях і санітайзэрах.

Таксама цяпер вядуцца перамовы з касмэтычнымі кампаніямі, каб яны разьлівалі антысэптыкі ў малыя флякончыкі. Гэтыя антысэптыкі будуць прадаваць у аптэках.

Нагадаем, што ў сакавіку антысэптык для рук пачалі выпускаць на Бабруйскім заводзе біятэхналёгій.

Паводле Ўладзімера Караніка, сёньня ў Беларусі выпускаецца дастаткова сродкаў дэзынфэкцыі. Разам усе заводы цягам 10 дзён выпускаюць столькі антысэптыкаў, колькі патрэбна ўсім арганізацыям аховы здароўя ў краіне на працягу аднаго месяца. Такія падлікі зрабілі Міністэрстве аховы здароўя.

«У нас яшчэ трохразовы запас, — сказаў Уладзімер Каранік на прэс-канфэрэнцыі. — Яшчэ некалькі заводаў знаходзяцца ў рэзэрве. Я думаю, у неўзабаве мы забясьпечым насельніцтва антысэптыкамі ў тым аб’ёме, у якім гэта патрэбна».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG