У Вербную нядзелю ў Сьвята-Пакроўскую праваслаўную царкву ў Докшыцах прыйшлі чалавек 25. Гэта ў разы меней, чым звычайна, зазначыў Свабодзе настаяцель царквы пратаярэй Георгі Мялешка. Гэты райцэнтар Віцебскай вобласьці стаў адным з асяродкаў пашырэньня каранавірусу ў Беларусі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Таксама няшмат людзей тут чакаюць і на велікодную службу, якая пройдзе ўначы з 18 на 19 красавіка.
«Літаральна 2-3 тыдні таму зьменшыўся паток прыхаджанаў. Раней было ў разы болей», — сказаў айцец Георгі.
Сьвятар кажа, што ён сам заклікаў не прыходзіць тых, хто ня ўпэўнены ў сваім здароўі ці баіцца заразіцца. Некаторыя вернікі падчас службы стаяць на вуліцы і слухаюць сьвятара праз дынамікі.
Як і ў большасьці іншых цэркваў, у Докшыцах зьявіўся антысэптык для апрацоўкі рук. Тут рэгулярна прыбіраюць і праціраюць абразы. Такія самыя захады робяцца ў царкве ў Бегамлі ды іншых правасалаўных храмах Докшыцкага раёну.
«Я рэкамэндую, каб людзі не падыходзілі да абразоў, каб цалаваньня крыжа не было», — сказаў айцец Георгі.
Успрымацца ад наведваньня храмаў — пазыцыя Беларускай праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел 14 красавіка заклікаў не наведваць велікодных службаў у наступныя выходныя.
«Кажуць, што ў храме благадаць. Благадаць Сьвятога Духа не адмяняе законаў прыроды. Сябры, устрымайцеся ад наведваньня храма. Калі прыходзіце — захоўвайце дыстанцыю», — параіў мітрапаліт Павел.
У горадзе Докшыцы Віцебскай вобласьці, нагадаем, адбылася ўспышка пнэўманіі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 8 красавіка ў раённым шпіталі было 85 пацыентаў з пнэўманіяй, сярод іх і людзі з пацьверджаным каранавірусам. Няпрофільныя аддзяленьні мясцовага шпіталя перавялі пад прыём пацыентаў з пнэўманіяй.