Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай узмацніў кантроль на мяжы з Расеяй, каб супрацьстаяць каранавірусу


Пасажыры ў аэрапорце Харбіну, 11 красавіка 2020
Пасажыры ў аэрапорце Харбіну, 11 красавіка 2020

Кітай узмацніў патруляваньне на мяжы з Расеяй, каб не дапусьціць патоку інфікаваных каранавірусам, паведамляе Bloomberg. Паводле агенцтва, КНР арганізавала на поўначы краіны няспынныя патрулі пасьля росту выяўленых выпадкаў COVID-19 у асяродзьдзі кітайскіх грамадзян, якія вяртаюцца з Расеі.

У кітайскім горадзе Харбіне ў мінулыя выходныя ўзмацнілі правілы карантыну. Тэрміны ізаляцыі для некаторых людзей, якія прыбываюць з-за мяжы, цяпер 28 дзён, а ня два тыдні. Мясцовыя ўлады часова пераабсталявалі адзін з офісных будынкаў каля мяжы пад шпіталь. Там ужо прыступілі да працы мэдыкі – у тым ліку тыя, хто мае досьвед працы ў былым эпіцэнтры інфэкцыі, правінцыі Хубэй.

Рост колькасьці заражэньняў у Кітаі – самы высокі за апошнія шэсьць тыдняў. 90 адсоткаў новых выпадкаў зьвязаны зь людзьмі, якія вярнуліся з-за мяжы. Bloomberg адзначае, што Расея можа стаць адной з новых крыніц заражэньня для КНР.

Пашырэньне каранавірусу новага тыпу пачалося ў Кітаі ў сьнежні мінулага году. Цэнтрам эпідэміі стаў горад Ухань – адміністрацыйны цэнтар правінцыі Хубэй. З канца студзеня горад знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі. На сёньняшні дзень карантын зьняты.

З пачатку эпідэміі ў Кітаі выяўлена больш за 82 тысяч заражэньняў каранавірусам новага тыпу, колькасьць памерлых перавысіла 3300.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

ЗША і краіны Захаду мяркуюць, што Пэкін можа хаваць рэальныя зьвесткі аб выяўленых выпадках заражэньня і памерлых. Кітайскія ўлады гэта адпрэчваюць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG