Выведка ЗША папярэджвала пра «катастрафічныя» падзеі ва Ўхані

Міністар абароны ЗША Марк Эспэр
Міністар абароны ЗША Марк Эспэр

Яшчэ ў канцы лістапада 2019 году амэрыканскія выведныя службы папярэджвалі, што ў рэгіёне кітайскага гораду Ўхань распаўсюджваецца інфэкцыя, якая пагражае звычайнаму ладу жыцьця людзей і працы бізнэсу.

Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі, цытуючы тэлекампанію ABC News.

Спасылаючыся на чатыры крыніцы, знаёмыя з сакрэтнымі матэрыяламі, тэлекампанія паведаміла, што перасьцярогі адносна зьявы, якая цяпер вядомая як пандэмія каранавірусу, былі дэталёва апісаныя ў лістападаўскім дакладзе Нацыянальнага цэнтру мэдычнай выведкі, які ўваходзіць у структуру Выведнага ўпраўленьня міністэрства абароны ЗША.

Справаздача была складзеная на аснове аналізу перахопленых правадных і кампутэрных паведамленьняў, а таксама спадарожнікавых здымкаў, паведаміла тэлекампанія.

«Аналітыкі прыйшлі да высновы, што гэта можа быць падзея катастрафічнага характару», — заявіла адна крыніца ABC News. Паводле гэтай крыніцы, пра гэта шмат разоў дакладалі выведнаму ўпраўленьню Пэнтагона, Аб’яднанаму камітэту начальнікаў штабоў і Беламу дому.

Міністар абароны Марк Эспэр, які 5 красавіка зьявіўся ў праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС, адказваючы на пытаньне пра лістападаўскае папярэджаньне, сказаў: «Я ня памятаю. Але ў нас ёсьць шмат людзей, якія за гэтым уважліва сочаць».

​
XS
SM
MD
LG