Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская паліцыя затрымала падазраванага ў падпальваньні зоны адчужэньня ЧАЭС. Пажар лякалізавалі


Пажар у зоне адчужэньня, 5 красавіка

Паліцыя Кіеўскай вобласьці знайшла 27-гадовага жыхара Рагаўкі Кіеўскай вобласьці, які, як мяркуецца, падпаліў сухую траву, у выніку чаго загарэлася амаль 100 гектараў лесу ў зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС.

«Як растлумачыў малады чалавек у паліцыі, ён дзеля забавы падпаліў сьмецьце і траву. Пасля агонь падхапіў вецер, і ён ужо ня мог справіцца і затушыць агонь», — паведамілі ў паліцыі.

Праваахоўныя органы завялі крымінальную справу праз факт зьнішчэньня аб’ектаў расьліннага сьвету. Затрыманаму пагражае штраф, абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Плошча пажару каля сяла Рагаўкі Катоўскага лясьніцтва, ад якога да найбліжэйшай беларускай вёскі Аляксандраўка 42 кілямэтры, зьменшылася да 5 гектараў. Як сёньня паведамляе Дзяржаўная служба Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый, пажар лякалізаваны і сытуацыя цалкам кантралюецца.

Паводле афіцыйнага паведамленьня, радыяцыйны фон у Кіеве і Кіеўскай вобласьці знаходзіцца ў межах нормы і не перавышае прыродныя фонавыя значэньні. У зоне адчужэньня і безумоўнага адсяленьня ўзроўні эквівалентнай дозы гама-выпраменьвання не зьмяніліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG