Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэсты на каранавірус у Беларусі робяць 13 лябараторый 


Колькасьць лябараторый, якія выконваюць тэсты на каранавірус, вырасла ад адной да 13. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміла намесьніца дырэктара РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Аліна Дроніна.

«Толькі наша лябараторыя выконвае каля 700 тэстаў, — сказала яна. — На першым этапе дасьледаваньні праводзіла толькі лябараторыя РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, але цяпер такіх лябараторый ужо 13, магчымасьцяў у нас нашмат больш».

Паводле яе, у краіне ёсьць запас для правядзеньня больш чым 20 тысяч дасьледаваньняў на каранавірусную інфэкцыю. Выкарыстоўваюцца тэсты як уласнай распрацоўкі, так і сыстэмы з Кітая і Расеі.

«Наша лябараторыя выкарыстоўвае тэст-сыстэмы ўласнай вытворчасьці — распрацоўкі спэцыялістаў, навукоўцаў РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, — паведаміла адмыслоўка. — Наогул у Беларусі цяпер прымяняецца некалькі тэст-сыстэмаў, уключна з тымі, якія паступілі па лініі гуманітарнай дапамогі з Кітая і Расеі».

Паводле Аліны Дронінай, усе тэст-сыстэмы, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, заснаваныя на мэтадзе «полімэразнай ланцуговай рэакцыі». Ён дазваляе выявіць фрагмэнт рыбануклеінавай кіслаты каранавірусу ў адабраным матэрыяле.

Адно дасьледаваньне займае прыкладна 6 гадзінаў. Але калі загрузка высокая, працэс можа расьцягнуцца на суткі ці нават болей, патлумачыла намесьніца дырэктара РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG