Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак заклікаў людзей думаць не пра тое, чаго ім не хапае, але пра дабро, якое можна зрабіць іншым


Папа Францішак на пляцы Сьвятога Пятра 27 сакавіка 2020 году.
Папа Францішак на пляцы Сьвятога Пятра 27 сакавіка 2020 году.

Папа Францішак, як піша агенцтва Reuters, адзначаў сюррэалістычную Вербную нядзелю ў пустой базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме. Гэтак незвычайна ў католікаў пачаўся Вялікі тыдзень.

Падчас казаньня папа Францішак заклікаў людзей ва ўмовах пандэміі каранавірусу падумаць пра тое, як можна дапамагчы аблегчыць пакуты іншых:

«Давайце падумаем не пра тое, чаго нам не хапае, а пра тое дабро, якое мы можам зрабіць».

У набажэнства на Пальмавую (Вербную) нядзелю на плошчы Сьвятога Пятра звычайна ўдзельнічаюць дзясяткі тысяч людзей. Службе звычайна папярэднічае доўгая працэсія кардыналаў, сьвятароў і вернікаў, якія нясуць пальмавыя галіны.

На гэты раз Папа служыў на невялікім алтары базылікі Сьвятога Пятра, як знаходзіцца за галоўным алтаром. У службе ўдзельнічалі толькі каля двух дзясяткаў чалавек, у тым ліку некалькі памочнікаў, манашак і зьменшаны хор, удзельнікі якога стаялі на дыстанцыі адзін ад аднаго.

Імша трансьлявалася па тэлебачаньні і праз Інтэрнэт.

У канцы казаньня Папа зьвярнуўся да моладзі, паколькі ў Вербную нядзелю ва ўсім сьвеце адзначаецца Сусьветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.

«Дарагія сябры, паглядзіце на сапраўдных герояў, якія зьяўляюцца ў гэты час: ня тых, у каго слава, грошы і посьпех, але тых, хто аддае сябе, каб паслужыць іншым, — сказаў Папа Францішак. — Ня бойцеся аддаць жыцьцё для Бога і для людзей, ад гэтага вы толькi выйграеце! Жыцьцё — гэта дар, які мы атрымліваем, аддаючы. Бо самая вялікая радасьць — гэта сказаць „так“ любові без агаворак, як гэта зрабіў Ісус дзеля нас з вамі».

Шэсце на Вялікую пятніцу — Крыжовы шлях, які звычайна праходзіць вакол Рымскага Калізэю, замест гэтага пройдзе ў адносна невялікім атрыюме базылікі Сьвятога Пятра.

  • У Ватыкане таксама ўведзеныя карантынныя меры. У Італіі ад 21 лютага загінула звыш 15,5 тысяч чалавек, зафіксавана амаль 125 000 выпадкаў каранавіруса, у Ватыкане — 7.
  • Папа і яго найбліжэйшыя памочнікі здалі тэсты на каранавірус, якія аказаліся нэгатыўныя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG