Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэпартаваць у Турэччыну». Суд адхіліў скаргу курда, якому на радзіме пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвае зьняволеньне


Цэнтральны раённы суд Менску
Цэнтральны раённы суд Менску

Цэнтральны раённы суд Менску адхіліў скаргу грамадзяніна Турэччыны курда Хіджры Мамаша на рашэньне дэпартаваць яго зь Беларусі ў Турэччыну, прынятае Дэпартамэнтам па міграцыі і грамадзянстве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Паседжаньне суду адбылося 3 красавіка і доўжылася 2 гадзіны. Рашэньне прыняў судзьдзя Аляксандар Длужнецкі.

Курда Хіджры Мамаша пракуратура Турэччыны вінаваціць у прыналежнасьці да вайсковага крыла Рабочай партыі Курдыстану, якая абвешчаная тэрарыстычнай арганізацыяй. Малады чалавек гэта абвяргае і сьцьвярджае, што ён быў толькі актывістам зарэгістраванай у Турэччыне Дэмакратычнай партыі народаў (ДПН), якая мае прадстаўніцтва ў парлямэнце і карыстаецца папулярнасьцю сярод нацыянальных меншасьцяў Турэччыны, у тым ліку курдаў.

Паводле Хіджры Мамаша, актывісты ДПН таксама зазнаюць перасьлед турэцкіх спэцслужбаў, якія асабліва актывізаваліся пасьля няўдалай спробы перавароту ў 2016 годзе. Пасьля таго як некаторыя аднадумцы Хіджры Мамаша бясьсьледна зьніклі, ён уцёк з Турэччыны спачатку ў Ірак, а адтуль праз Армэнію спрабаваў перабрацца ў Эўропу.

У ліпені 2019 году беларускія памежнікі затрымалі Хіджры Мамаша ў менскім аэрапорце з падробленым пашпартам. З таго часу курда ўтрымліваюць у ізалятары на Акрэсьціна, а Дэпартамэнт па міграцыі і грамадзянстве МУС пачаў разгляд ягонай заявы аб прадстаўленьні яму прытулку і дадатковай абароны.

Разгляд заявы курда аб прытулку праходзіў для яго «зь пераменным посьпехам». Спачатку менская гарадзкая ўправа Дэпартамэнту не знайшла падстаў, каб адмовіць курду Хіджры Мамашу ў задавальненьні заявы аб прытулку. Гэтаксама і ўправа КДБ, якая праводзіла праверку, не знайшла прычын для адмовы. Але пры канчатковым разглядзе заявы, які адбыўся сёлета ў лютым, Дэпартамэнт пастанавіў дэпартаваць Хіджры Мамаша ў Турэччыну.

Дэпартамэнт: гэта не палітычная справа

Гэтую пазыцыю сёньня ў судзе паўтарыў загадчык аддзелу Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Сяргей Касінскі.

«У справе Хіджры Мамаша ня знойдзена законных прычын для прадстаўленьня яму палітычнага прытулку і дадатковай дапамогі, а таксама ня знойдзеныя абставіны, якія б маглі перашкодзіць яго дэпартацыі», — сказаў прадстаўнік МУС.

Паводле Сяргея Касінскага, Хіджры Мамаш уяўляе небясьпеку для Беларусі, бо можа і на тэрыторыі краіны зьдзейсьніць акт тэрарызму, у чым яго абвінавачваюць у Турэччыне. Пры гэтым Сяргей Касінскі не прывёў доказаў датычнасьці курда Хіджры Мамаша да тэрарыстычнай дзейнасьці, а толькі спаслаўся на запыт пракуратуры Турэччыны, якая патрабуе выдаць яго як тэрарыста, ды на тое, што курд Хіджры Мамаш абвешчаны турэцкай паліцыяй у вышук праз Інтэрпол. Справу курда прадстаўнік ДГМ лічыць не палітычнай, а крымінальнай.

«Тады з чалавекам можна адразу разьвітацца»

Абаронца Арцём Калоша даводзіў суду, што ў справе няма ніякіх доказаў прыналежнасьці Хіджры Мамаша да Рабочай партыі Курдыстану, прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй. А вось адносна перасьледу актывістаў Дэмакратычнай партыі народаў турэцкімі спэцслужбамі, паводле Арцёма Калошы, ёсьць шмат адкрытых сьведчаньняў. У тым ліку адвакат спаслаўся на паказаньні брата Хіджры — Мехмета Мамаша, якога турэцкія спэцслужбы катавалі пасьля арышту.

На думку абаронцы, Хіджры Мамашу ў Турэччыне пагражаюць ня толькі катаваньні і пажыцьцёвае зьняволеньне, але, магчыма, і зьнікненьне.

«Як гэта ні жахліва гучыць, але калі яго выдадуць, з чалавекам можна ў прамым і пераносным сэнсе разьвітацца. Бо шмат такіх, як ён, проста зьнікалі», — мяркуе абаронца.

Адвакат Арцём Калоша лічыць, што абвінавачаньне «ў падрыве нацыянальнай цэласнасьці», якое выстаўлена ягонаму падабароннаму ў Турэччыне, мае яўны палітычны складнік. Між тым выдача абвінавачаных у палітычных справах супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі, нагадаў суду Арцём Калоша.

Адвакат Арцём Калоша паведаміў, што на рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раённага суду Аляксандра Длужнецкага днямі будзе пададзеная скарга ў Менскі гарадкі суд. «Рашэньне не абгрунтаванае ніякімі доказамі», — лічыць абаронца.

На думку актывістаў праваабарончай арганізацыі Human Constanta, якія дапамагаюць палітычным уцекачам, няма веры ў тое, што ў Турэччыне курду Хіджры Мамашу будзе аказаная юрыдычная дапамога і ягоныя правы будуць выконвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG