Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Slutsk або сьмерць». Аўстраліец распавёў, навошта стварыў фан-клюб беларускай каманды і што будзе далей


Шэйн Робінсан
Шэйн Робінсан

Да пачатку пандэміі каранавірусу аўстраліец Шэйн Робінсан нават ня чуў пра існаваньне Слуцку. Але ўжо больш як тыдзень ніхто ў сьвеце ня можа пахваліцца, што робіць для славы гэтага гораду больш, чым ён.

Шэйн Робінсан жыве ў Адэлаідзе, у Паўднёвай Аўстраліі. Ён вялікі аматар футболу. Сам пачаў гуляць у 12 гадоў, а цяпер судзіць матчы аматарскай лігі Паўднёвай Аўстраліі. На радзіме ён заўзее за Adelaide United, а ў міжнародных спаборніцтвах — за ангельскі «Лівэрпуль»: з гэтага гораду паходзіць яго сям’я.

Але цяпер Adelaide United і «Лівэрпуль» займелі канкурэнта. Нечакана для самога сябе Шэйн стаў найбольшым у сьвеце папулярызатарам футбольнага клюбу «Слуцак».

Групу «FK Slutsk Worldwide» на Фэйсбуку ён стварыў 9 дзён таму. Сёньня колькасьць яе сяброў перасягнула 2 тысячы. Гэта ня толькі заўзятары з усяго сьвету ад Аўстраліі, Новай Зэляндыі праз Інданэзію да ЗША, Вялікай Брытаніі ды Індыі з Тайляндам. Сёньня, напрыклад, да групы далучыўся і гулец самога «Слуцку» Арцём Сярдзюк.

«Каранавірус спыніў увесь футбол у сьвеце. Мае сябры ў футболе і я шукалі любую гульню, якую можна было б паглядзець, — апавядае Шэйн Робінсан. — Не спыніўся толькі беларускі чэмпіянат. „Слуцак“ быў у першай гульні, якую мы знайшлі, і яны выйгралі. Дзякуючы ім мы таксама выйгралі крыху грошай. І пасьля мы вырашылі стварыць групу ў Фэйсбуку, якая нечакана стала віруснай».

Зь сябрам, які дапамагаў ствараць групу
Зь сябрам, які дапамагаў ствараць групу

Яшчэ тыдзень таму Шэйн ведаў пра Беларусь толькі тое, што яна мяжуе з Расеяй. А зь беларускіх футбалістаў — Глеба і Шытава. Сёньня яму даводзіцца адказваць на пытаньні ня толькі беларускіх ці расейскіх журналістаў, але і расказваць пра «Слуцак» выданьням у Аўстраліі.

У фэйсбук-групе тым часам кіпіць жыцьцё. Людзі знаёмяцца, дзеляцца ўражаньнямі, жорстка ганяць супернікаў «Слуцку», апавядаюць гісторыі, зьмяшчаюць мэмы, відэаролікі, прыдумляюць крычалкі. Адным з папулярных воклічаў стала «Slutsk or die» («Слуцак або сьмерць»).

Шмат хто лічыць, што групу стварылі выключна як жарт у сувязі з назвай. Рэч у тым, што назва клюбу ў ангельскай трансьлітарацыі Slutsk сугучная з грубым ангельскім словам, якое азначае жанчыну з багатым сэксуальным жыцьцём і шматлікімі партнэрамі. Мноства допісаў у групе датычаць менавіта гульні гэтых словаў. Нехта піша, што прыйшоў у групу праз назву, але не пакіне яе, бо знайшоў там супольнасьць. Але Шэйн плёткі пра назву як прычыну стварэньня групы рашуча зьняпраўджвае.

«Усе думаюць, што мы пачалі падтрымліваць „Слуцак“ праз назву. Гэта ня так. Мы пачалі ўсё гэта, бо гульня „Слуцку“ была самай першай у беларускай прэм’ер-лізе, якую мы ўбачылі. Шмат каму клюб можа спадабацца ў сувязі з назвай, але гэта ня тая прычына, дзеля якой мы заснавалі групу», — тлумачыць Шэйн.

Першыя дзьве гульні случакоў ён ацэньвае як нядрэнныя і раіць камандзе знайсьці творчага паўабаронцу, а таксама наладзіць абарону. Асабліва Шэйн хваляваўся за каманду падчас матчу з «Дынама-Берасьце», дзейнымі чэмпіёнамі Беларусі.

З трафэем сваёй каманды Adelaide United, якая стала пераможцай у 2016 годзе
З трафэем сваёй каманды Adelaide United, якая стала пераможцай у 2016 годзе

«Не пашанцавала згуляць хаця б унічыю. Але мы вельмі спадзяёмся, што „Слуцак“ можа правесьці добры сэзон, і верым у выхад у эўрапейскі футбол у наступным сэзоне».

На пачатку існаваньня групы заўзятары зь Беларусі прапаноўвалі Шэйну дапамогу ў навязваньні кантакту са «Слуцкам». Але ў гэтым ужо няма патрэбы, бо аўстраліец кантактуе з клюбам наўпрост.

«Ёсьць пэўныя рэчы, якія мы вырашаем. Таксама мы даведаліся, што ў „Слуцку“ ёсьць пэўныя грашовыя праблемы. Спадзяюся, што клюб адкрые інтэрнэт-краму, каб фанаты змаглі купляць там гульнявыя наборы і шалікі. Мы хочам паспрыяць „Слуцку“ фінансава. Паспрабуем таксама сабраць сродкі праз краўдфандынг», — кажа Шэйн Робінсан.

У Аўстраліі дзейнічае жорсткі карантын. Нельга зьбірацца ў групы, большыя за 2 асобы. Для Шэйна і ягоных сяброў гэта вялікая праблема, бо яны ня могуць глядзець матчы «Слуцку» разам.

Шэйн трэніраваў таксама жаночы клюб у Паўднёвай Аўстраліі, і яго каманда выйграла Кубак
Шэйн трэніраваў таксама жаночы клюб у Паўднёвай Аўстраліі, і яго каманда выйграла Кубак

Ці скончыцца гэтая гісторыя пасьля пандэміі? Шэйн запэўнівае, што ні ў якім разе. Сачыць за гульнямі «Слуцку» ён зьбіраецца і пасьля.

«Наша задача цяпер — каб з усіх беларускіх клюбаў „Слуцак“ стаў самай папулярнай камандай сярод заўзятараў у сьвеце. А калі каранавірус нарэшце перамогуць і сьвет ізноў стане нармальным, то я хацеў бы наведаць Слуцак. Гэта будзе неймаверна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG