Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы навучыліся ператвараць сыгналы мозгу ў тэкст


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чытаньне думак стала на крок бліжэйшым — амэрыканскія навукоўцы з дапамогай штучнага інтэлекту здолелі ператварыць сыгналы мозгу ў тэкст.

Пакуль што гэтая сыстэма працуе на аснове дзейнасьці мозгу падчас маўленьня, але дасьледчыкі спадзяюцца, што ўрэшце яна здолее дапамагчы пацыентам, якія ня здольныя размаўляць.

«Мы яшчэ гэтага не дасягнулі, але мы думаем, што гэта можа стаць падмуркам для моўнага пратэзаваньня», — цытуе The Guardian аднаго з аўтараў дасьледаваньня, Джозэфа Мэйкіна з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан Францыска.

У навуковым часопісе Nature Neuroscience Мэйкін і ягоныя калегі тлумачаць, што яны распрацавалі сваю сыстэму, працуючы з чатырма пацыентамі, якім у мозг імплянтавалі электроды, каб адсочваць эпілептычныя прыпадкі.

Пацыенты па шмат разоў чыталі нейкія сказы, а навукоўцы адсочвалі актыўнасьць іх мозгу ў гэты час. Пасьля гэтага інфармацыю загружалі ў саманавучальную сыстэму штучнага інтэлекту, якая канвэртавала сыгналы мозгу ў набор лічбаў. Потым другая частка сыстэмы канвэртавала лічбы ў наборы словаў, выкарыстоўваючы для навучаньня чытаныя сказы.

Паступова дакладнасьць распазнаваньня паляпшалася, і для аднаго з пацыентаў узровень памылак быў ніжэйшы за 3%. Аднак дасьледчыкі падкрэсьліваюць, што альгарытм працаваў толькі з абмежаваным наборам сказаў.

«Калі выйсьці за межы [50 выкарыстаных сказаў] дэкадаваньне значна пагаршаецца», — кажа Мэйкін. Дасьледчыкі таксама высьветлілі, што калі альгарытм вучыўся на інфармацыі аднаго пацыента, яму трэба было менш часу, каб навучыцца распазнаваць сказы іншага — гэта можа зрабіць навучаньне прасьцейшым для пацыентаў.

Доктар Крыстыян Гэрф з Унівэрсытэту ў нідэрляндзкім Маастрыхце, які ня ўдзельнічаў у дасьледаваньні, кажа, што ўражаны вынікамі, бо сыстэме спатрэбілася для навучаньня менш за 40 хвілін запісаў ад кожнага ўдзельніка і абмежаваны набор сказаў.

«Такім чынам яны дасягнулі ўзроўню дакладнасьці, якога раней ніхто не дасягаў», — кажа ён. Гэрф, аднак, падкрэсьліў, што такая сыстэма пакуль не дапаможа шмат якім пацыентам зь цяжкімі праблемамі, бо яна выкарыстоўвае сыгналы мозгу менавіта падчас вымаўленьня сказаў услых. Ён кажа, што пакуль рана хвалявацца, што нехта прачытае вашыя думкі: нават калі імплянтаваць электроды ў мазгі, унутраны голас моцна адрозьніваецца ад сыгналаў пры маўленьні

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG