Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пакаралі лекараў, якія не шпіталізавалі ахвяру каранавірусу


Міністар аховы здароўя Казахстану Елжан Біртанаў паведаміў увечары 30 сакавіка, што галоўны лекар службы хуткай дапамогі Акмалінскай вобласьці і кіраўнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні ў сувязі са сьмерцю 64-гадовай жанчыны. Яна на мінулым тыдні памерла ад COVID-19, стаўшы першай ахвярай гэтай хваробы ў Казахстане.

Сьмерць жанчыны стала прычынай вялікага скандалу ў Казахстане. Сын загінулай запісаў відэа, у якім абвінаваціў лекараў у яе сьмерці. Паводле яго, маці некалькі разоў адмовілі ў шпіталізацыі, нягледзячы на пагрозьлівыя сымптомы, і ў выніку яна памерла.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пасьля зьяўленьня відэа ў сацсетках, абласное ўпраўленьне аховы здароўя пачало службовае расьсьледаваньне. Яно паказала, што мэдыкі, якія прыяжджалі на выклік да хворай і адмовіліся забіраць яе ў бальніцу, сапраўды недаацанілі «рызыкі магчымай каранавіруснай інфэкцыі». Лекары, па словах чыноўнікаў, палічылі, што ў пацыенткі звычайная прастуда.

«Не было адпаведнага тлумачэньня сваякам, у выніку атрымалася такая сытуацыя, калі мы маем позьнюю шпіталізацыю і, фактычна, вельмі хуткае пагаршэньне, якое скончылася сьмяротным зыходам», – прызнаў міністар на прэс-канфэрэнцыі.

Таксама ён прызнаў «факт памылкі выдачы вынікаў тэсту».

«У той дзень была вельмі вялікая нагрузка на лябараторыю. Вынікі прыйшлі, калі пацыентка ўжо загінула, – сказаў міністар. – Гэта выклікала справядлівыя нараканьні з боку сваякоў і мэдработнікаў».

«Мы старанна правялі разбор гэтай сытуацыі, былі прыняты дадатковыя меры па забеспячэньні стабільнай работы лябараторыі. Мы прыкладзем усе намаганьні, каб такія выпадкі не паўтараліся, – запэўніў Біртанаў. – Усе неабходныя адміністрацыйныя і дысцыплінарныя меры прынятыя».

Па стане на раніцу 30 сакавіка ў Казахстане пацьверджана больш за 300 выпадкаў каранавірусу, памерлай ад яго лічыцца адна пацыентка. Ад 16 сакавіка ў краіне дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. У Нур-Султане і Алматы з 19 сакавіка ўведзены карантын з абмежаваньнем руху і забаронай уезду і выезду ў гэтыя гарады, а з 30 сакавіка абмежаваньні на ўезд, выезд і перамяшчэньне будуць уведзеныя яшчэ ў некалькіх рэгіёнах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG