Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве памёр савецкі пісьменнік-франтавік Юры Бондараў


Юры Бондараў, 1983

У Маскве памёр савецкі пісьменьнік, удзельнік Другой сусьветнай вайны Юры Бондараў. Яму было 97 гадоў. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на жонку пісьменьніка.

Бондараў праславіўся дзякуючы сваім творам пра вайну і пасьляваеннае жыцьцё ў СССР. Аповесьць «Батальёны просяць агню», раманы «Цішыня» і «Гарачы сьнег» былі экранізаваныя. Паводле ягонага сцэнару была зьнятая кінаэпапэя «Вызваленьне».

Бондараў нарадзіўся ў 1924 годзе ў Орску. У 1942 годзе быў прызваны на вайсковую службу і адпраўлены на Сталінградзкі фронт. Двойчы быў паранены. Скончыў вайну ў Чэхаславаччыне. У 1951 годзе скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага.

У адрозьненьне ад іншых пісьменнікаў-франтавікоў Васіля Быкава, Грыгорыя Бакланава і Віктара Астаф’ева, Юры Бондараў не прыняў пераменаў у СССР канца 1980-х і застаўся верны савецкім каштоўнасьцям. Свае погляды ён шырока дэкляраваў.

У 1988 годзе нарабіў шмат шуму выступ Бондарава на XIX Усесаюзнай партканфэрэнцыі, у якім ён параўнаў перабудову з самалётам, які ляціць і ня ведае, дзе сядзе.

У чэрвені 1990 году пасьля стварэньня артадаксальнай Кампартыі РСФСР ён увайшоў у яе ЦК. У ліпені 1991-га падпісаў «Слова да народу», вядомае як «духоўны маніфэст ГКЧП».

У сакавіку 1994 году Юры Бондараў адмовіўся прыняць ордэн Дружбы народаў, якім яго ўзнагародзіў Барыс Ельцын.

6 сакавіка 2014 году падпісаў зварот у падтрымку дзеяньняў Уладзіміра Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны і Крыму. У адным з апошніх інтэрвію ў траўні 2018 году выданьню «Аргументы и факты», выказаўся за перайменаваньне Валгаграду ў Сталінград.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG