Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр польскі кампазытар Кшыштаф Пэндэрэцкі


Кшыштаф Пэндэрэцкі

Славуты польскі кампазытар і дырыжор Кшыштаф Пэндэрэцкі памёр 29 сакавіка ў Кракаве, перадае ТАСС. Яму было 86 гадоў. Пра гэта паведаміла кіраўніца Асацыяцыі імя Людвіга ван Бэтховэна і жонка музыканта Эльжбэта Пэндэрэцкая.

Кшыштаф Пэндэрэцкі быў адным з найбольш вядомых у сьвеце сучасных аўтараў клясычнай музыкі. Вядомасьць ён атрымаў яшчэ ў 1960-я як прадстаўнік музычнага авангарду. Сярод найбольш вядомых твораў — «Плач па ахвярах Хірасімы», «Пакуты паводле Лукі» ды іншыя творы на рэлігійныя сюжэты. «Польскі рэквіем», першы фрагмэнт якога напісаны ў памяць пра ахвяраў выступу гданьскіх докераў у 1970 годзе, быў прысьвечаны Леху Валэнсу і прафсаюзу «Салідарнасьць».

Музыку Пэндэрэцкага выкарыстоўвалі ў фільмах такіх рэжысэраў, як Алэн Рэнэ («Кахаю цябе, кахаю»), Стэнлі Кубрык («Зьзяньне»), Дэвід Лінч («Унутраная імпэрыя»), Анджэй Вайда («Катынь»), а таксама ў сэрыяле «Сакрэтныя матэрыялы»). Чатыры разы ён быў ляўрэатам прэміі «Грэмі».

Кампазытар памёр «пасьля працяглай хваробы». Пасьля таго, як у адной зь ягоных сядзелак знайшлі каранавірус, тэст зрабілі і кампазытару, аднак вынік быў нэгатыўны, паведаміла агенцтву Reuters дачка Пэндэрэцкага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG