У рэйтынгу эканамічных свабодаў, які штогод публікуе стратэгічны дасьледчы інстытут ЗША The Heritage Foundation, Беларусь упершыню перайшла з групы «пераважна несвабодных» ва «ўмерана свабодныя». Краіна заняла 88-ы радок у «Індэксе эканамічнай свабоды — 2020».
Беларусь апынулася на 88-м радку ў рэйтынгу, паміж Малдовай і Танзаніяй. Яна атрымала агулам 61,7 бала са 100 — на 3,8 бала больш, чым годам раней, і паднялася ў рэйтынгу за кошт паляпшэньня фінансавага становішча і фінансавай свабоды.
Таксама, паводле гэтага рэйтынгу, у Беларусі палепшыліся рэйтынгі ў галіне правоў уласнасьці і дзяржаўных выдаткаў, свабоды гандлю і бізнэсу, грашовай свабоды.
Пагоршыліся паказьнікі судовай эфэктыўнасьці, цэласнасьці ўраду, падатковай нагрузкі і працоўных свабодаў.
Нягледзячы на палітычныя праблемы, эканамічная свабода ў Беларусі рэзка ўзрасла за апошнія пяць гадоў, адзначаецца ў рэйтынгу. Гэта вывела краіну з групы «пераважна несвабодных». Але эканоміка яшчэ не аднавіла ранейшага росту пасьля рэцэсіі 2015–2016 гадоў. Ва ўмовах вышэйшых усясьветных цэнаў на нафту і росту расейскага попыту на беларускія прамысловыя тавары ўрад мае магчымасьць зрабіць захады па правядзеньні рэформаў, каб павысіць эфэктыўнасьць судовай сыстэмы і цэласнасьць ураду, павялічваючы тым самым эканамічную свабоду ў Беларусі, напісана ў дакладзе.
Цяпер Беларусь займае 41-е месца сярод 45 краін эўрапейскага рэгіёну, яе агульны бал значна ніжэйшы за сярэдні па рэгіёне і крыху ніжэйшы за сярэдні ўзровень у сьвеце.
- Узначальвае рэйтынг Сынгапур, эканоміка якога названая самай свабоднай у сьвеце. Таксама разам зь ім у пералік краінаў са свабоднай эканомікай трапілі Ганконг, Новая Зэляндыя, Аўстралія, Швайцарыя і Ірляндыя.
- На апошніх пазыцыях у рэйтынгу, сярод краінаў з «рэпрэсіўнай эканомікай», — Паўночная Карэя, Вэнэсуэла, Куба, Эрытрэя, Рэспубліка Конга.
- З суседзяў Беларусі найлепшую пазыцыю займае Літва — 16 месца ў рэйтынгу, Латвія займае 32-е месца, Польшча — 46-е, Расея — 94-е, Украіна — 134-е.
Індэкс эканамічнай свабоды краіны ацэньваецца паводле 12 паказьнікаў, якія адлюстроўваюць розныя аспэкты эканамічнага жыцьця: свабоду прадпрымальніцтва, гандаль, падатковую сыстэму, урадавыя выдаткі, цэнавую палітыку, свабоду інвэстыцый, банкаўскую сыстэму, забесьпячэньне прыватнай уласнасьці ад замахаў дзяржавы, узровень карупцыі ў эканоміцы, рынак працы. Кожны з гэтых паказьнікаў, як і агульны індэкс эканамічнай свабоды, вымяраецца паводле стобальнай шкалы — 100 балаў адпавядаюць максымуму свабоды, 0 — мінімуму.
Усе краіны ў рэйтынгу дзеляцца на 5 груп: свабодныя, у асноўным свабодныя, адносна свабодныя, пераважна несвабодныя і краіны з рэпрэсіўнай эканомікай.