Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя ня будуць адмяняць хрэснага ходу на Вялікдзень. Каталікі чакаюць разьвіцьця падзеяў 


Абразы ў праваслаўнай царкве Уваскрасеньня Хрыстова ў Ашмянах
Абразы ў праваслаўнай царкве Уваскрасеньня Хрыстова ў Ашмянах

Беларуская праваслаўная царква ня будзе забараняць хрэснага ходу на Вялікдзень ды іншыя сьвяты праз распаўсюд каранавірусу, паведаміў «Інтэрфаксу» кіраўнік інфармацыйнага аддзелу БПЦ Сергій Лепін.

«Царква робіць захады бясьпекі дзеля недапушчэньня эпідэміі каранавірусу, уключна з дэзынфэкцыяй абразоў, крыжоў і г. д. Гэтыя захады датычаць таксама маючага адбыцца Вялікадня. Нечага дадаткова мы не плянуем», — адзначыў сьвятар.

Прадстаўнік БПЦ падкрэсьліў, што ў тым ліку ня будуць забараняцца хрэсныя хады.

«Хрэсны ход задбываецца на адкрытай прасторы. Мы ж ня будзем забараняць хадзіць па вуліцы?», — перапытаў Сергій Лепін.

Аляксандар Лукашэнка спадзяецца, што пік захворваньня каранавірусам у Беларусі пройдзе да праваслаўнага Вялікадня, які сёлета 19 красавіка.

«Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — значыць, жыць будзем», — сказаў Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з амбасадарам Кітая Цуй Цімінам.

Прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько ў размове са Свабодай адзначыў, што сытуацыя з пандэміяй каранавірусу штодня зьмяняецца, таму нешта пэўнае можна будзе зразумець бліжэй да Вербнай нядзелі. Пакуль указаньняў ці рэкамэндацый наконт гэтага ад біскупаў няма.

Сёлета Вербная нядзеля ў каталікоў будзе адзначацца 5 красавіка, за тыдзень да Вялікадня (12 красавіка).

Аднак, беручы пад увагу сур’ёзнасьць хваробы, Каталіцкая царква раіць быць асабліва пільнымі наступным катэгорыям:

• вернікам пажылога ўзросту, якія асабліва паддаюцца на інфэкцыю каранавірусу;
• асобам з сымптомамі віруснай інфэкцыі;
• дзецям і школьнай моладзі разам з асобамі, якія імі непасрэдна апякуюцца;
• асобам, якія адчуваюць страх перад заражэньнем каранавірусам.

Пры гэтым Каталіцкая царква горача заахвочвае ўсіх вернікаў штодзённа маліцца — у сем’ях або індывідуальна.

Згодна са станам на 26 сакавіка, у Беларусі зафіксавана 86 выпадкаў заражэньня каранавірусам, сьмяротных выпадкаў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG