Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мастацтва неўміручае. А эпідэміі скончацца...» Сьмельчакі і цяпер ходзяць на балет


Вялікі тэатар опэры і балета. Менск, 25 сакавіка 2020 году

Цяпер нават на самыя папулярныя спэктаклі лёгка трапіць у той жа дзень і за сымбалічныя грошы. Гэта праз пандэмію?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У сталічных тэатрах народу істотна паменшала. Яшчэ нядаўна ў Купалаўскі на «Караля Ліра» ці «Рэвізора» квіткі раскуплівалі за 3 месяцы да спэктаклю. У Тэатар опэры і балету (прынамсі на балет) іх трэба было купляць таксама за два-тры месяцы.

25 сакавіка ў Вялікім тэатры опэры і балета паказвалі «Жызэль». У сярэдзіне дня з афіцыйнага сайту тэатру, дзе можна замовіць і аплаціць квіткі, вынікала, што амаль палова залі вольная.

«Калі яшчэ так пашанцуе — за капейкі паглядзець шыкоўныя спэктаклі?»

Карэспандэнтка Свабоды купляла квіток перад самым спэктаклем. Літаральна за 30 хвілін да пачатку балету ў касах утварыліся чэргі. Высьветлілася, у асноўным не каб купіць квіткі ў тэатар, а каб здаць.

Жанчына вяртала чатыры квіткі на суботні дзіцячы спэктакль «Тры парасяці». Баіцца каранавірусу, тым больш весьці ў тэатар дзетак.

За дзьве хвіліны да пачатку спэктаклю
За дзьве хвіліны да пачатку спэктаклю

Касірка тлумачыць, чаму так шмат вольных месцаў: маўляў, іншагароднія вярнулі набытыя загадзя квіткі. Таму шосты і сёмы шэрагі ў партэры цалкам вольныя. Да таго ж раней амаль палову квіткоў набывалі іншаземцы, а цяпер межы закрытыя.

Тэатар опэры і балету разьлічаны на 1200 гледачоў. За пяць хвілін да пачатку спэктаклю складвалася ўражаньне, што прынамсі ў партэры, дзе цэны на квіткі нятанныя, было больш за палову вольных месцаў. Але супрацоўнікі тэатру даволі апэратыўна перасадзілі ў партэр тых, хто купіў квіткі на балькон ці бэльэтаж.

Хлопец і дзяўчына, якія не пажадалі назваць сябе і тым больш фатаграфавацца, шчыра прызналіся, што скарысталіся сытуацыяй і цяпер літаральна празь дзень ходзяць у тэатар.

«Мы купляем у інтэрнэце самыя танныя квіткі, за 5-10 рублёў, на так званую „галёрку“, а потым нас перасаджваюць на шыкоўныя месцы ў партэры, якія каштуюць як мінімум у 5 разоў разоў даражэй. Днямі прапанавалі нават крэслы ў ложы. Хочам перагледзець увесь рэпэртуар тэатру. Калі яшчэ так пашанцуе — за капейкі паглядзець шыкоўныя спэктаклі?» — эмацыйна разважае дзяўчына.

У масках толькі некалькі чалавек

У партэры заўважаю і кітайцаў. Назваць сябе хлопцы не пажадалі. Адзін, дарэчы, у стылёвай чорнай масцы, другі — не. Яны прызнаюцца, што вельмі любяць беларускі балет і ходзяць у тэатар даволі часта.

У тэатральнай залі яшчэ літаральна некалькі чалавек у масках. Натальля і Мікалай тлумачаць:

Натальля і Мікалай
Натальля і Мікалай

«Мы ідзём у нагу з часам — носім маскі. Прычым ня толькі ў тэатры, але і на вуліцы, у транспарце таксама. На балет прыйшлі трэці раз. Куплялі квіткі за два месяцы — і ўжо ня самыя лепшыя! І крыўдна, што шмат лепшых месцаў вольныя. А балет выдатны!» — кажа Натальля.

Балерыны ў дэкрэце прыйшлі падтрымаць дэбютантаў

У антракце размаўляем з прыгожымі маладымі жанчынамі Кацярынай і Натальляй. Высьветлілася, што гэта балерыны, якія цяпер у дэкрэце.

Кацярына і Натальля
Кацярына і Натальля

«Мы прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў і калегаў. Яна Штангей сёньня ўпершыню танцуе Жызэль, Ягор Азаркевіч таксама ўпершыню выконвае ролю Графа. Якія яны малайцы! Вельмі спадабалася! Але шкада, што мала народу — і аплядысмэнтаў таксама мала. Раней на кожным спэктаклі было шмат іншаземцаў — больш за палову залі. Мы, супрацоўнікі тэатру, не маглі запрасіць нават сваіх родных — быў поўны аншляг. Цяпер іншая карціна... Чакаем, што неўзабаве скончыцца гэтая паніка. І спадзяёмся на лепшае», — кажа балерына ў дэкрэтным Кацярына.

Самыя ўдзячныя прыхільнікі «Жызэлі» — дзеці

Маці зь дзецьмі
Маці зь дзецьмі

У антракце кідаецца ў вочы, што ў тэатры шмат дзетак з бацькамі. Прычым дзеці наперабой, без падказкі дарослых, называюць, якія спэктаклі глядзелі ў тэатры раней: «Лебядзінае возера», «Рамэо і Джульета», «Сьпячая прыгажуня», «Шчаўкунок».

6-гадовая Соф’я з захапленьнем апавядае, як нядаўна была з бацькамі на «Дон Кіхоце». Абураецца, што спэктакль быў, на яе думку, вельмі кароткі:

«Там было ўсяго толькі тры дзеі! Так мала!»

У партэры заўважаю маленькую дзяўчынку ў прыгожай ружовай сукенцы, якая зачаравана глядзіць на сцэну. Пяцігадовая Ева прыйшла разам з маці Вольгай.

Вольга з дачкой Евай
Вольга з дачкой Евай

«У мяне трое дзетак, сын і дзьве дачкі. Старэйшая дачка таксама вельмі любіць тэатар, сярэдні хлопчык — так сабе. А малодшая Ева проста надзвычайная прыхільніца! Дарэчы, на гэты спэктакль мы куплялі квіткі яшчэ ў студзені. Я спрабую высьветліць, што Еве больш падабаецца: драматычны тэатар ці балет, бо глядзіць усе спэктаклі яна проста як зачараваная», — кажа маці Евы спадарыня Вольга.

Да размовы далучаецца спадарыня Валянціна, якая знарок прыехала на балет з аграгарадка ў Горадзенскай вобласьці.

Валянціна
Валянціна

«Людзі могуць захварэць дзе заўгодна і на што заўгодна. Вось сёньня прынц Чарльз заразіўся каранавірусам — гэтая хвароба не абыходзіць нават каранаваных асобаў. Але неўзабаве вясна, цяпло!

Мастацтва, балет — гэта цудоўна і неўміруча! А эпідэміі неўзабаве скончацца, народ забудзецца і пра гэты каранавірус, як ужо забыўся пра птушыны грып ці атыповую пнэўманію» — кажа Людміла, якая пераадолела дзеля балету больш за 500 кілямэтраў у абодва бакі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG