Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі ляўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»


Міхал Андрасюк

Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» у Дзень Волі 25 сакавіка абвясьціў імя свайго чарговага ляўрэата — ім стаў празаік з Падляшша Міхал Андрасюк за раман «Поўня», паведаміў у Фэйсбуку старшыня аргкамітэту Алесь Аркуш.

У верасьні 2019 году Міхал Андрасюк ужо стаў ляўрэатам прэміі Гедройця за раман «Поўня».

Раней дамаўляліся ўручыць прэмію ў траўні на беразе возера Іпуць Глыбоцкага раёну на базе аб’яднаньня мясцовых аграсядзібаў «Вялесаў шлях», але з прычыны пандэміі каранавірусу ўрачыстасьць пераносіцца на больш позьні тэрмін, распавёў Алесь Аркуш «Радыё Рацыя».

У шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес — 2020», акрамя Андрасюка, уваходзілі наступныя намінанты:

  • Валянціна Аксак. «Кава ў арліным гняздзе»
  • Леанід Дранько-Майсюк. «...Усе бачылі нястачу віна...»
  • Ігар Кулікоў. «Храм ракі»
  • Анхеля Эсьпіноса Руіс. «Колер крылаў»
  • Уладзімер Сьцяпан. «Хвалі»
  • Макс Шчур. «Кінараман»

Міхал Андрасюк — пісьменьнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасьці ў Польшчы. Нарадзіўся 2 сьнежня 1959 году ў Гайнаўцы на Падляшшы. Піша па-беларуску і па-польску. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Войнаўка Дубіцкай гміны. Скончыў у 1978 годзе беларускі ліцэй у Гайнаўцы, працаваў настаўнікам і каменячосам, потым журналістам Беларускага Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат».

Дэбютаваў у «Ніве» (1979) вершамі. Аўтар зборніка апавяданьняў «Фірма» (Беласток, 2000), дзе яскрава засьведчыў разлад, народжаны дзевяностымі. У кнізе «Мясцовая гравітацыя» паказаў жыцьцё польскай правінцыі на польска-беларускім памежжы, яна пра маленькіх людзей са сваімі звычкамі, дзівакаватымі норавамі, сьмешнымі надзеямі. У 2006 годзе выдаў аповесьць «Белы конь», пабудаваную як зборнік апавяданьняў, якія разам складаюцца ў гарманічную карціну сьвету — праз гісторыі продкаў, летапіс сям’і. Кніга атрымала літаратурную прэмію прэзыдэнта горада Беласток імя Веслава Казанецкага. Працягам стала кніга мастацкай прозы «Поўня», дзе сямейны летапіс перапісаны на ўзроўні мэтафарычным.

«Гліняны Вялес» — найстарэйшая незалежная штогадовая беларуская літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту — Алесь Аркуш. Прэмія прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і іншыя. Стаць ляўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG