Лінкі ўнівэрсальнага доступу

101-гадовы Барыс Патон пакідае пасаду прэзыдэнта Акадэміі навук Украіны


Барыс Патон
Барыс Патон

Вядомы ўкраінскі навуковец Барыс Патон, якому сёлета мае споўніцца 102 гады, пакідае пасаду прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Ён яе ўзначальваў 58 гадоў.

Як паведамляюць украінскія СМІ, выбары новага прэзыдэнта навуковай установы адбудуцца 16 красавіка, калі іх не перанясуць у сувязі з карантынам. Барыс Патон не выстаўляў сваёй кандыдатуры для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта НАН Украіны.

Паходзіць з дваран

Барыс Патон нарадзіўся ў Кіеве, у сям’і вядомага навукоўца-мостабудаўніка і заснавальніка ўкраінскага Інстытуту электразваркі Яўгенія Патона і хатняй гаспадыні Натальлі Патон. Ягоныя продкі — дваране Расейскай імпэрыі, якія займалі найвышэйшыя пасады ў вайсковай, дыпляматычнай і навуковай службе. Іхны род атрымаў быў у спадчыну некалькі маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сувязі Патона зь Беларусьсю

Барыс Патон з 1995 году ёсьць замежным сябрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ганаровым доктарам Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў, які знаходзіцца ў Гомлі. А сярод мноства замежных дзяржаўных узнагародаў мае і два беларускія ордэны — Францішка Скарыны (2003) і Дружбы народаў (2008). Але ня толькі гэта зьвязвае Барыса Патона зь Беларусьсю.

У гомельскім архіве ёсьць дакумэнты, зь якіх вынікае, што два ягоныя дзядзькі — родныя браты бацькі Аляксандар і Пётра — жылі ў Беларусі. Аляксандар Патон валодаў маёнткам Бенін пад Любчай і вёскай Яроміна пад Гомлем, а Пётра Патон — маёнткам Гарадзішча на Брагіншчыне. З 1913 да 1918 году Пётра Патон быў гарадзкім галавой Рэчыцы. Пасьля прыходу савецкай улады пераехаў у Берасьце, якое тады знаходзілася ў складзе Польшчы, там і застаўся да канца свайго жыцьця. У Берасьці ён і пахаваны.

Зрабіў унёсак у абарону, будаўніцтва, космас і мэдыцыну

У часе Другой усясьветнай вайны Барыс Патон разам са сваім бацькам вядомым мостабудаўніком Яўгеніем Патонам дапамог стварыць унікальныя аўтаматычныя ўстаноўкі, якія дазволілі зварваць элемэнты танку Т-34. Асноўнымі перавагамі новага абсталяваньня былі высокая якасьць шва, хуткасьць і зручнасьць у эксплюатацыі.

У 1960-я гады Барыс Патон разам з адмыслоўцамі Акадэміі навук і канструктарскага бюро «Південне» распрацаваў прынцыпова новы мэтад злучэньня мэталаў, які дазволіў Савецкаму Саюзу будаваць ракетныя стратэгічныя сыстэмы.

Першы віцэ-прэм'ер Украіны Аляксандар Турчынаў (справа) віншуе прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Барыса Патона з 90-годзьдзем, Кіеў, 27 лістапада 2008 году
Першы віцэ-прэм'ер Украіны Аляксандар Турчынаў (справа) віншуе прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Барыса Патона з 90-годзьдзем, Кіеў, 27 лістапада 2008 году

У заслугі Барысу Патону ставяць і экспэрымэнт у зварцы мэталаў, які ў ліпені 1984 году ў адкрытым космасе правялі савецкія касманаўты Сьвятлана Савіцкая і Ўладзімір Джанібекаў. Яны на арбіце выпрабавалі ўнівэрсальны ручны інструмэнт, створаны Кіеўскім інстытутам электразваркі пад кіраўніцтвам Барыса Патона. Ён асабіста дапамагаў касманаўтам асвойваць зварку ва ўмовах бязважкасьці, абсалютнага вакууму і калясальных перападаў тэмпэратуры. Экспэрымэнт доўжыўся тры з паловай гадзіны і прайшоў пасьпяхова.

У мэдыцыне і сёньня выкарыстоўваюць распрацаваную Барысам Патонам тэхналёгію «зваркі» жывых тканін. Такая ідэя вынікла ў яго на пачатку 90-х, калі яго праапэравалі пасьля траўмы ад коўзаньня на каньках. Калі ён даведаўся, што яму разразалі костку пілой, то даручыў навукоўцам распрацаваць мэдычную зварачную машыну. Цяпер дзякуючы ёй хірургі могуць практычна бяскроўна расьсякаць і злучаць жывыя тканіны.

Асноўныя перавагі такой тэхналёгіі — зьніжэньне страты крыві, скарачэньне часу апэрацыі і хуткая рэабілітацыя. Паводле тэхналёгіяў, распрацаваных Барысам Патонам і навукоўцамі пад ягоным кіраўніцтвам, у шэрагу гарадоў Савецкага Саюзу пабудавалі тэлевежы, у тым ліку і ў Віцебску, разьвіваецца вытворчасьць аўтамабільнай тэхнікі, будаўніцтва нафта- і газаправодаў, касьмічнай тэхнікі.

102-мэтровы манумэнт «Радзіма-маці» у Кіеве таксама будаваўся паводле тэхналягічнага праекту, рэкамэндаванага Інстытутам электразваркі, якім кіраваў Барыс Патон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG