Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На лекцыях няма паловы патоку, але на практычных сядзяць амаль усе». Як праходзіць студэнцкі страйк за карантын


Ілюстрацыйнае фота

23 сакавіка беларускія студэнты праводзяць агульнастудэнцкі байкот. Абвестка пра яго зьявілася ў буйным студэнцкім тэлеграм-канале «Адлічана». Студэнты незадаволеныя тым, як у Беларусі змагаюцца з эпідэміяй каранавірусу, і патрабуюць закрыць на карантын усе адукацыйныя ўстановы Беларусі.

Свабода паразмаўляла са студэнтамі, якія далучыліся да байкоту.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

МДЛУ: «Зьбіраем прылады для заняткаў онлайн»

19 сакавіка студэнткі Лізавета Пракопчык і Наста Сахарчук правялі каля лінгвістычнага ўнівэрсытэта акцыю «Ха-ха, я тут памру». Яны заклікалі студэнтаў не прыходзіць на заняткі з 20 сакавіка. Так з ініцыятывы актыўных студэнтаў МДЛУ нарадзілася ідэя агульнастудэнцкага страйку, які абвесьцілі ў «Адлічана».

«У нас канкрэтнага пляну няма, — прызнаецца Лізавета. — Проста байкот. Цяжка сказаць, колькі людзей ня выйшла на заняткі [у МДЛУ], бо ёсьць групы, дзе ўвогуле ніхто не прыйшоў, а ёсьць групы, дзе прыйшлі ўсе».

Зараз, кажа Пракопчык, студэнты «робяць працу за ўнівэр і зьбіраюць прылады для правядзеньня заняткаў онлайн».

«Пішам дакладныя інструкцыі, каб не было адгаворак, маўляў, «вельмі цяжка, трэба шмат разьбірацца», — тлумачыць студэнтка.

Яна называе прылады, з дапамогай якіх можна наладзіць дыстанцыйнае навучаньне — напрыклад, Zoom, Google Classroom.

«Проста наш рэктарат сьцьвярджаў, што гэта ўсё вельмі цяжка і ў сувязі са спэцыфікай ВНУ мы ня можам перайсьці на онлайн».

Лізавета прыводзіць у прыклад адну з офлайн-школ ангельскай мовы, дзе працуе яе сяброўка. Паводле Лізаветы, школа на два тыдні без праблемаў перайшла на дыстанцыйную працу.

Студэнтка кажа, што пэўныя выкладчыкі яе ўнівэрсытэту ўжо праводзяць заняткі дыстанцыйна.

«Студэнцтва трохі ажыло»

Студэнт 4-га курсу БДУІР і адзін з адміністратараў тэлеграм-каналу «Адлічана» Ігар Кабушкоў у размове са Свабодай кажа, што думкі сярод студэнтаў розныя.

«Некаторыя кажуць, маўляў, прапускаць пары ня буду ні ў якім разе, хоць „тры паносы і сьмерць“ — усё роўна не прапусьцяць, бо платныя адпрацоўкі ж. А некаторыя байкатавалі цэлымі групамі», — так Кабушкоў апісвае сытуацыю ў БНТУ.

Але, кажа студэнт, ён упершыню бачыць, што ў беларускіх студэнтаў «нарэшце зьявілася мінімальная салідарнасьць і студэнцтва трохі ажыло».

Пры гэтым яму складана ацаніць, ці байкатуюць заняткі студэнты ў БДУІР, «бо заўсёды мала людзей ходзяць».

БНТУ: «На лекцыях няма паловы патоку, але на практычных сядзяць амаль усе»

Студэнт БНТУ Уладзь апавядае, што на яго факультэце байкот падтрымалі часткова.

«На лекцыях няма больш за палову патоку, але на практычных і лябараторных у асноўным ўсе сядзяць — няма толькі трох-чатырох чалавек», — кажа хлопец.

Сам Уладзь быў на практычных занятках, але на лекцыі не пайшоў.

БДМУ: «Аднагрупнікі падзяліліся: тыя, хто гэтага вельмі хоча, і тыя, хто ня бачаць у карантыне неабходнасьці»

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту кажа, што разумее неабходнасьць увядзеньня карантыну, але пары не прапускае.

«Шчыра сказаць, я толькі „за“ карантын, і калі б я была у кожным іншым унівэрсытэце, я б падтрымала страйк. Але сама разумею, што калі мы гэта зробім, то нам жа потым будзе горш, бо прапушчаных заняткаў нам ніхто не даруе. І мы ўсе дружна пойдзем на платныя адпрацоўкі. А такога ніхто ня хоча. Таму ў нас усе прысутнічаюць на занятках».

Паводле студэнткі, яе аднагрупнікі падзяліліся: «Тыя, хто гэтага вельмі хоча, і тыя, хто супраць карантыну і ня бачаць у ім неабходнасьці».

На мінулым тыдні стала вядома, што ва ўсіх унівэрсытэтах скасоўваюць патокавыя лекцыі і заняткі фізкультурай.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG