Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі чэмпіянат чакае Мэсі, а брытанскія букмэкеры прымаюць стаўкі на «Іслач»


Трыбуна на матчы першага туру чэмпіянату Беларусі «Энэргетык-БДУ» — БАТЭ у Менску 19 сакавіка 2020

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе не спынілі футбольны чэмпіянат у сувязі пандэміяй каранавірусу. Букмэкерскія канторы павялічылі інтарэс да беларускага чэмпіянату, правы на паказ матчаў набылі расейскі спартовы канал «МатчТВ» і ўкраінскі «Спорт-1», а людзі з розных краін пішуць у сацыяльных сетках, што ўпершыню пабачылі беларускі футбол.

«У Беларусі, мой сябра, усё нармальна. Жыцьцё нармальнае — не такое, як у астатняй Эўропе, — цытуе міжнародны спартовы сайт The Score альбанскага футбаліста Эліса Бакая, які цяпер выступае за чэмпіёна Беларусі берасьцейскае "Дынама". — Усё адкрыта, людзі ходзяць у рэстараны, на працу, у банкі, усё нармальна».

Але жыцьцё ўсё ж не зусім нармальнае, адзначае The Score. Летась, падчас пераможнага сэзону, кажа Бакай, практычна ўсе матчы ў Берасьці зьбіралі па 10 тысяч гледзачоў і больш. На першы ж матч новага сэзону ў пятніцу прыйшлі 3 648 чалавек, паводле Soccerway.

У суботу, калі першы тур новага чэмпіянату працягваўся, колькасьць зарэгістраваных выпадкаў новага каранавірусу ў Беларусі дасягнула 76 — больш, чым ва ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі зь яе нашмат большым насельніцтвам, на момант, калі яны прыпынілі свае чэмпіянаты, піша The Score.

Былы трэнэр зборнай Украіны Мірон Маркевіч у інтэрвію сайту Footboom раскрытыкаваў рашэньне Беларусі працягваць чэмпіянат: «Я ня думаю, што гэта правільна. І Беларусь, думаю, таксама не пазьбегне гэтай праблемы. Давайце возьмем Бэргама. „Аталянта“ з „Валенсіяй“ правялі матч у Лізе чэмпіёнаў, цяпер у гэтым горадзе адзін з самых высокіх паказьнікаў сьмяротнасці праз хваробу. Я не кажу, што вінаваты быў толькі футбол, але і футбол у тым ліку».

«Беларуская прэм’ер-ліга ставіць пад пагрозу гульцоў, заўзятараў, судзьдзяў і пэрсанал клюбаў. У выніку яна стварае рызыку для насельніцтва краіны», — піша The Score. Аднак кіраўнік беларускай футбольнай фэдэрацыі Ўладзімер Базанаў заявіў, што прычынаў спыняць чэмпіянат няма і што ён сам пойдзе на некалькі матчаў.

Былы футбаліст зборнай Беларусі Аляксандар Глеб даў камэнтар пра сытуацыю з каранавірусам брытанскаму выданьню The Sun: «У Беларусі гэта як быццам нікога не хвалюе. Гэта неймаверна. Можа, наш прэзыдэнт проста чакае, што будзе зь вірусам. Усе ў нас ведаюць, што здарылася з Італіяй і Гішпаніяй. Але людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што гэта ня так экстрэмальна, як гаворыцца ў навінах. Вельмі складана растлумачыць, чаму ў нас так. Усе лігі спыненыя, але мы ня думаем, што гэта праблема».

Глеб таксама пажартаваў: «Мэсі і Крыштыяну давядзецца прыехаць у Беларусь, каб працягнуць гуляць»

У гутарцы з Радыё Свабода Глеб адказаў на пытаньне, ці давярае ён афіцыйнай статыстыцы наконт каранавірусу ў Беларусі: «Усё магчыма, але наколькі дакладная статыстыка — хай гэта будзе на сумленьні спэцыялістаў. Цудоўна разумею, што гэтая зараза вельмі хутка і лёгка распаўсюджваецца, не зважаючы на межы, таму кожнаму ў гэтай сытуацыі трэба быць больш уважлівым. Глябальна зачапіла ўсю плянэту, а ў кожнага бацькі, дзеці...».

Тым часам людзі з розных краін у адсутнасьць сваіх уласных чэмпіянатаў даведваюцца пра беларускі футбол.

«У чацьвер Беларусь пачала новы футбольны сезон нават пры пандэміі каранавірусу. Гульні будуць пры гледачах. Кіраўнік іх лігі адзначыў, што ў краіне было зафіксавана 51 выпадкаў заражэньня каронавірусам, і не было ніякіх прычын не пачынаць сэзон».

«Атрымлівайце асалоду ад прэмʼер-лігі Беларусі, пакуль зможаце, дзеці. Здаецца, палітыка Бацькі „ёсьць гарэлка, усё будзе добра“ можа не спрацаваць і чэмпіянат можа быць прыпынены ўжо ў панядзелак». «Калі вам не хапае #EFL [ангельскай футбольнай лігі], азнаёмцеся з найвышэйшай лігай Беларусі. Падчас ранішняй гульні было 5 пэнальці, і два зь іх не забілі!»

«У Менску сёння футбол. Калі мы вернемся ў [ангельскую] прэмʼер-лігу, нам трэба больш гармонікаў».

«Мой настаўнік беларускай мовы толькі што даў мне дадатковыя балы за назвы 8 гарадоў Беларусі, але я ўсяго толькі назваў беларускія каманды найвышэйшай лігі».

«СУПЭР-НЯДЗЕЛЯ толькі ў Беларусі з двума матчамі адначасна! Заўжды марыў правесьці нядзелю за праглядам беларускага футболу».

«Мне не хапае сакавіцкага варʼяцтва і нармальнасьці спорту, а ты даеш мне хакей з малой лігі зь Беларусі. Гэта як бы я сказаў, што хачу стэйк, а вы далі мне бургер з тофу ад McDonaldʼs. Лепш, чым нічога... Я цаню гэта... але я не хачу тофу!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG