Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Набываюць больш туалетнай паперы. І зброю». Беларуска — пра карантын у ЗША


Сьвятлана Рэшатняк

Зачыненыя крамы, офісы, школы, рэстараны і храмы. Пустыя вуліцы. У некаторых штатах — камэнданцкі час. Карантын для школьнікаў і студэнтаў можа працягнуцца да восені. Пра пандэмію каранавірусу ў ЗША распавядае беларуска Сьвятлана.

«Панікаваць ня варта, але важна максымальна паклапаціцца пра сябе. Могуць наступіць і сур’ёзныя часы — з войскам і паліцыяй», — кажа Сьвятлана Рэшатняк.

«Нагадвае наш Чарнобыль, ці бомбу запаволенага дзеяньня»

Яна шэсьць гадоў жыве ў Канэктыкуце, працавала ў розных сфэрах, большую частку часу — у бізнэсе па даглядзе за састарэлымі.

«Сустрэла шмат цікавых людзей, асабліва цікавае пакаленьне, як па мне — гэта 80-90-гадовыя амэрыканцы. Яны шмат чытаюць, ведаюць, падарожнічаюць, маюць шмат актыўнасьцяў. Цяпер шкада, што вірус косіць менавіта гэтую катэгорыю», — з сумам кажа беларуска.

Сытуацыя, якая склалася цяпер з каранавірусам, нагадвае Сьвятлане «наш Чарнобыль, ці бомбу запаволенага дзеяньня».

У сярэдзіне сакавіка Сьвятлана з мужам паехалі ў Лас-Вэгас.

«Спачатку было ціха, некалькі разоў у навінах узгадалі Кітай і эўрапейскія краіны — кропка. Лас-Вэгас рыхтаваўся да спартовых мерапрыемстваў, вакол — натоўпы заўзятараў, у барах і казыно — ніводнага вольнага месца. Мы не гуляем у казыно, але там праходзіць шмат розных шоў і канцэртаў, яшчэ пасьпелі схадзіць. У апошні там наш дзень усё зачынілася. Быў дзень сьвятога Патрыка, які любяць амэрыканцы — а ў барах пуста. Такога ніколі не было! Зачыніліся і казыно. Зразумела, ніякіх прыбыткаў, як і ў авіякампаній. Прыляцелі ў Бостан — пуста, ціха. Ехалі дахаты, да Віндзара на вялізным аўтобусе, у якім было пяць пасажыраў — а звычайна квіткоў не набыць», — распавядае Сьвятлана.

У іх горадзе Віндзары зачыніліся крамы (апроч прадуктовых), офісы, гандлёвыя цэнтры, школы, спартовыя залі, цырульні, канцэртныя залі, цэрквы... Было папярэджаньне ад уладаў не зьбірацца групамі, не карыстацца грамадзкім транспартам. Забаронена наведваць шпіталі і Дамы састарэлых.

«Лічбу заражаных можна сьмела памнажаць на сто»

Святлана кажа, што інфармацыі пра вірус і меры перасьцярогі хапае: і ў навінах, і ўвесь час гучаць абвесткі на вакзалах, у крамах. Адкрыта гарачая лінія па ўсіх «каранавірусных» пытаньнях.

«Дынаміка ў нас жахлівая. 15 сакавіка было 26 выпадкаў. Праз тры дні — 97 выпадкаў і першая сьмерць. На 22 сакавіка — 223 выпадкі і 5 сьмерцяў. Гэта людзі ўзростам 70-91 год. Але захварэлі і школьнікі, і шмат людзей 40-50 гадоў, і 20-гадовыя. Дактары кажуць, што гэтыя лічбы — 194 чалавекі, можна памнажаць на сто, і нават гэта не адлюструе рэальнасьць», — кажа беларуска.

Жыхарам штату раілі нікуды не выходзіць, не кантактаваць з людзьмі, мыць рукі, праціраць дэзінфэкцыйнымі сродкамі паверхні ў доме, выключальнікі, ручкі дзьвярэй, маскі на вуліцы — абавязкова, не карыстацца грамадзкім транспартам і ліфтамі. «Дактары папярэдзілі, што пры першых прыкметах тэмпэратуры, кашлю, болі ў грудзіне варта

адразу лічыць, што гэта — каранавірус, і самаізалявацца», — зазначае Святлана.

Да доктара трапіць можна — толькі яго трэба папярэдзіць, каб мэдыкі падрыхтаваліся. Для бяздомных зрабілі адмысловыя ізалятары.

Улады раяць знаходзіцца адзін ад аднаго на адлегласьці ня менш за 2 мэтры. «Пры сустрэчы на шпацыры ці на вуліцы ад цябе проста адскокваюць, асабліва пэнсіянэры», — кажа беларуска. Яна не выключае, што ў Канэктыкуце будзе ўведзена камэнданцкая гадзіна — у суседніх штатах такая мера ўжо дзейнічае.

«З 11 вечара да 5 раніцы, для дзяцей і падлеткаў — да 8 вечару», — удакладніла Святлана.

Людзі набываюць больш туалетнай паперы. І зброю

Яна заўважыла, што амэрыканцы, як і эўрапейцы, кінуліся ў крамы за прадуктамі, сродкамі дэзінфэкцыі і туалетнай паперай. «З гэтай паперай і сьмех, і грэх. Адна жанчына замовіла яе онлайн, меркавала, што замаўляе ўпакоўку, а насамрэч аказалася, што гэта скрынкі — 68 штук, і цяпер у яе на рахунку мінус 6 тысяч даляраў. Усе дастаўкі працуюць добра. Прадукты ў крамах ёсьць, але набываюць іх у пяць разоў больш», — кажа Святлана.

З прадуктаў у краме разьбіралі ў першую чаргу курэй, макароны і кансэрвы. Зачыніліся папулярныя «Макдональдсы» і «Старбаксы». На запраўках патаньнела паліва.

У штаце зьявіліся дадатковыя працоўныя месцы на складах — наймаюць супрацоўнікаў, ад кіроўцаў і грузчыкаў да фінансістаў і спэцыялістаў у лягістыцы.

Святлана ўзгадвае, што ўлады абяцалі па тысячы даляраў кожнаму жыхару штату. «Але малыя бізнэсы проста прагараць — напрыклад, што рабіць гаспадару цырульні? Будзе шмат незадаволеных, шмат праблем. Тут, калі праблемы ў эканоміцы — людзі набываюць больш зброі. Цяпер продажы павялічыліся, а людзі баяцца рабаўніцтва і росту злачыннасьці. Многія ж застануцца без працы», — мяркуе беларуска.

«Амэрыканцы — працаголікі. Таму на карантыне ім цяжка»

Святлана зазначае, што першапачаткова амэрыканцы не ўспрымалі ўсурʼёз пагрозу каранавірусу. «Цяпер усё сурʼёзна. Робіцца ўсё, каб людзі сядзелі дома і не выходзілі. Многія працуюць з дому. Дарэчы, усім, каго накіравалі працаваць з дому, абяцалі даць заробак у поўным абʼёме. Пакуль карантын яшчэ не так даўно, то людзі адпачываюць. Большасьць амэрыканцаў шмат працуюць, працаголікі. І яны без працы адчуваюць бездапаможнасьць, ня ведаюць, чым заняцца. Многія не прывыклі праз працу займацца дзецьмі, а цяпер у нас спрэс жарты ў інтэрнэце: куды падзець дзяцей, чым іх заняць. Можа, дойдзе да таго, што таты і мамы пачнуць кнігі дзецям чытаць», — жартуе беларуска.

Яна падкрэсьлівае, што ў амэрыканцаў вялікі давер да ўлады. Яны больш наракаюць на іншыя краіны, праз якія амэрыканцы церпяць ад каранавірусу. «Людзі тут вельмі законапаслухмяныя, у іх гэта ў крыві», — кажа беларуска.

Ад беларускіх навін — «сумна і крыўдна»

Святлану насьцярожвае, што Беларусь не ўводзіць карантын. «Трэба абавязкова прымаць меры бясьпекі! Каранавірус — не жарт, не вымысел. За адзін дзень у Італіі памірае столькі людзей. Маё сэрца проста разрываецца ад болю за Італію. Ізаляцыя, толькі ізаляцыя магла бы папярэдзіць тое, што адбываецца ў Італіі цяпер», — упэўнена беларуска.

Яна чытае беларускія навіны, ад якіх ёй «сумна і крыўдна».

«Безвыходнасьць. З пакаленьня ў пакаленьня. Нічога не зьмяняецца. Тыя ж праблемы спасьціглі дзяцей, што і бацькоў, і ня толькі эканамічныя», — лічыць Сьвятлана.

Раней яна з мужам ня надта сачылі за навінамі.

«Нават пазьбягалі слухаць і чытаць, не хацелася паглыбляцца ў гэта. А цяпер у сьвеце навіны трывожныя і сумныя. Чытаем, каб быць у курсе сытуацыі, якая так хутка зьмяняецца. Сёньня даведаліся новыя тэрміны карантыну — усё будзе зачынена да 22 красавіка. Жах», — кажа беларуска.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG