Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 2000-м зь нелегальнай эміграцыяй змагаліся


Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Днямі Лукашэнка прыгадаў, як разам з расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным выкопваў слупы на беларуска-расейскай мяжы.

Тое сапраўды была гучная акцыя: рыдлёўкі ў руках лідэраў дзьвюх дзяржаваў, журналісты навокал, мясцовыя начальнікі. Крыху ў баку стаялі беларускія памежнікі: яны гублялі працу.

«Цяпер паміж нашымі народамі няма заслоны!» — пафасна абвясьціў Лукашэнка. І паціснуў руку Чарнамырдзіну. Але цалаваць, здаецца, не адважыўся — не хацеў паўтараць сюжэт клясычнага фотаздымку Сяргея Грыца, на якім адзін з удзельнікаў выкопваньня памежнага слупа цалаваўся з кандыдатам у прэзыдэнты Вячаславам Кебічам.

Кебіч і Чарнамырдзін, ліпень 1994. Фота Сяргея Грыца ў газэце "Свабода"
Кебіч і Чарнамырдзін, ліпень 1994. Фота Сяргея Грыца ў газэце "Свабода"

Варта сказаць, што і да слупавыкопваньня ніякай заслоны паміж Расеяй і Беларусьсю не было: існавалі толькі мытныя пункты на трасах, якія правяралі фуры і зрэдку — прыватныя аўтамабілі. Нармальныя адносіны — для нармальных краінаў.

Праўда, гучалі патрабаваньні стварыць і памежны кантроль з Расеяй— па мадэлі, як на мяжы з Польшчай. Але яны не былі прынятыя пад увагу тымі, хто прымаў рашэньні.

Прайшло некалькі гадоў, і выявілася, што колькасьць нелегальных эмігрантаў у Беларусі дасягнула памераў Воршы ці Наваполацку. Міністэрства ўнутраных справаў падало лічбу ў 100 000 чалавек. Гэта — 1% насельніцтва Беларусі. Нібыта і не крытычна, але бяда была ў тым, што далёка ня ўсе госьці адрозьніваліся прыкладнымі паводзінамі. Ня кажучы, што жылі на тэрыторыі краіны незаконна.

Не было сакрэтам, што яны прыбылі ў Беларусь не з захаду, а з усходу (тых, хто з захаду — налічылі некалькі чалавек, пераважна яны хаваліся ад правасудзьдзя ў Літве ці Латвіі, некалькі сотняў прыбылі з Украіны.

Людзі з Расеі (шмат хто зь іх уцякаў ад вайны ў Чачні, прыбыў зь іншых «гарачых кропак» на тэрыторыі Расеі ці былых савецкіх рэспублік) імкнуліся, канешне, не ў Беларусь — а далей, на захад. Тады Польшча, Нямеччына, Францыя, краіны Бэнілюксу, скандынаўскія краіны мелі яшчэ лібэральнае іміграцыйнае заканадаўства і практычна не высылалі тых, хто прэтэндаваў на статус уцекача.

Ва ўсялякім разе, жыхары Чачні такі статус атрымлівалі без вялікіх праблемаў.

Ну а тых, хто статусу не атрымліваў, адсылалі назад, у Беларусь, і мелі на гэта поўнае права (паводле міжнародных канвенцыяў, палітычны прытулак трэба прасіць у першай бясьпечнай краіне. Беларусь такой для чачэнцаў разглядалася, хаця і не заўсёды).

І што — паводле лёгіцы — павінна было б рабіць кіраўніцтва краіны?

Правільна: кантраляваць уезд на найбольш праблемнай мяжы.

Гэта значыць — на мяжы з Расеяй.

Але тое, што на што пайшоў беларускі ўрад у сакавіку 2000-га, цяжка было патлумачыць лёгікай барацьбы з нелегальнай эміграцыяй.

Калі каротка (больш падрабязна ў матэрыяле, які ніжэй) — Беларусь ўвяла транзытныя візы для замежнікаў, якія жадалі ўехаць праз тэрыторыю Беларусі ў краіны СНД.

Пад гэтае палажэньне патраплялі грамадзяне Польшчы, Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, ды практычна ўсіх краінаў Эўразьвязу, а таксама ЗША, Канады (сьпіс можна доўжыць) — усе тыя, хто ну зусім ніяк не папаўняў катэгорыю «нелегальных эмігрантаў» па той простай прычыне, што жыць у Беларусі, альбо перабрацца праз яе на сталае жыхарства, ня меў намеру.

А мяжа з Расеяй, як і раней, засталася адчыненай.

Беларусь уводзіць транзытныя візы

Ганна Навумовіч, Менск. Эфір 17 сакавіка 2000 г.

Беларускі ўрад распачаў барацьбу зь нелегальнай міграцыяй. У хуткім часе замежнікі ня змогуць праехаць у краіны СНД празь Беларусь без транзытнае візы.

Пагадненьне пра ўзаемнае прызнаньне візаў было падпісанае краінамі СНД у 1992 годзе ў Маскве. Згодна з гэтым дакумэнтам любы замежнік, які мае, да прыкладу, расейскую ці ўзбэцкую візу, можа свабодна праехаць праз тэрыторыю Беларусі. Аднак летась некалькі краінаў СНД, у тым ліку й Расея, вырашылі выйсьці з пагадненьня ці прыпыніць у ім свой удзел.

Паводле словаў прэсавага сакратара МЗСу Мікалая Барысевіча, гэта было зроблена ў рамках барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Что тычыцца Беларусі, то рашэньне ўраду было прынятае ня толькі ў адказ на прыпыненьне ўдзелу ў пагадненьні іншых краінаў, але й таксама дзеля таго, каб спыніць плынь нелегальных мігрантаў.

У Беларусі гэтая праблема ўжо набыла вялічэзныя маштабы. Толькі ў мінулым годзе й толькі паводле афіцыйных зьвестак было выяўлена каля 100 тысячаў нелегальных мігрантаў. Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, значную ролю адыграла адкрытая мяжа з Расеяй. Дарэчы, адсутнасьць усходняй мяжы Беларусі прывяла й да значнага павелічэньня транзыту наркотыкаў — некалькі гадоў таму гэта афіцыйна прызнавалі нават адмыслоўцы Міністэрства нутраных справаў.


Цяжка сказаць, наколькі эфэктыўным у сэнсе барацьбы зь нелегальнай міграцыяй будзе прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў пагадненьні аб узаемным прызнаньні візаў. Цяпер замежнікі, якія захочуць праехаць празь Беларусь у дзяржавы СНД, павінныя будуць аформіць транзытную візу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG