Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам «абвясьціў вусную заўвагу» прадавачцы, якая ў адказ на беларускую мову прыгразіла выклікаць ахоўнікаў


Крама «Камунарка» на вуліцы Чырвонай у Менску, архіўнае фота

Прадстаўнік ініцыятывы «Ўмовы для мовы», юрыст Ігар Случак атрымаў адказ на звароты ў Менгарвыканкам з нагоды канфліктнай сытуацыі паміж прадавачкай «Камунаркі» і беларускамоўнымі наведнікамі кавярні Русланам Юсупавым і Арамаісам Мірак’янам.

Менгарваканкам «усебакова, поўна і аб’ектыўна дасьледаваў абставіны канфлікту», выслухаўшы тлумачэньні кіраўніцтва «Камунаркі», прадавачкі і загадчыцы крамы, а таксама прааналізаваўшы публікацыі ў СМІ, гаворыцца ў афіцыйным адказе на зварот Ігара Случака.

Адказ Менгарвыканкаму
Адказ Менгарвыканкаму

Прымаючы пад увагу, што

  • удзельнік канфлікту Арамаіс Мірак’ян сам прызнаўся СМІ, што канфлікт быў вычарпаны яшчэ ў краме, а пасьля ён наведваў кавярню яшчэ раз і застаўся задаволены абслугоўваньнем,
  • кіраўніцтва «Камунаркі» прыняло меры па выпраўленьні сытуацыі і недапушчэньні падобных канфліктаў у будучыні,
  • «улічваючы малазначнасьць зьдзейсьненага грамадзянкай Канапацкай» (прадавачка крамы)

Менгарвыканкам прыняў рашэньне не пачынаць адміністрацыйны працэс і вызваліць прадавачку ад адміністрацыйнай адказнасьці, абвясьціўшы вусную заўвагу.

11 лютага Арамаіс Міракʼян і Руслан Юсупаў зайшлі ў фірмовую краму «Камунаркі» на вуліцы Чырвонай папіць гарбаты. Руслан Юсупаў замовіў гарбату па-беларуску, на што нечакана атрымаў ад касіркі прапанову размаўляць па-расейску, бо «у нас дзьве дзяржаўныя мовы», а пасьля яна прыгразіла выклікаць ахову. Канфлікт удалося залагодзіць з дапамогай адміністратаркі, якая папрасіла прабачэньня ў наведнікаў. Скаргу на прадавачку яны пісаць ня сталі.

Пазьней Арамаіс Мірак’ян расказаў пра выпадак у сваім фэйсбуку, адкуль гісторыю разьнесьлі сайты навінаў аж па ўсёй Расеі. Акрамя гэтага, мянчук пачаў атрымліваць сотні крытычных паведамленьняў ад расейцаў у Фэйсбуку, некаторыя зь іх, паводле Міракʼяна, зьмяшчалі нават пагрозы забойствам.

Ігар Случак падкрэсьлівае неабходнасьць адстойваць свае правы ў сытуацыях, калі вам перашкаджаюць карыстацца беларускай мовай. Такія выпадкі падпадаюць пад артыкул 9.22 КаАП «Парушэньне заканадаўства аб мовах» і парушальнікаў можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Альгарытм дзеяньняў у падобных сытуацыях можна паглядзець тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG