Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 чалавек хочуць стаць прэзыдэнтам Польшчы. Але адзін можа перамагчы ў першым жа туры


Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

Ажно 40 чалавек заявілі пра гатоўнасьць балятавацца ў прэзыдэнты Польшчы. Столькі заяваў атрымала Дзяржаўная выбарчая камісія краіны. Гэта самая вялікая колькасьць прэтэндэнтаў у гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы.

Тэрмін падачы заяваў скончыўся ў панядзелак. Прэтэндэнты павінны былі сабраць тысячу подпісаў за сваё вылучэньне, каб прайсьці першы этап кампаніі. 34 гэта ўдалося, шасьці ахвотнікам заняць пасаду кіраўніка дзяржавы адмовілі.

Юрысты тлумачаць, што такая вялікая колькасьць прэтэндэнтаў зьвязаная з тым, што зарэгістраваныя камітэты кандыдатаў маюць права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, за што атрымаюць там заробак. А вось сабраць па 100 тысяч подпісаў, каб стаць зарэгістраваным кандыдатам, змогуць ня многія. У чацьвер першым здаў подпісы прэзыдэнт Анджэй Дуда. Ён сабраў больш за 2 мільёны подпісаў у сваю падтрымку.

Хто мае шанец далучыцца да гонкі

Мяркуецца, што выканаць патрабаваньні для рэгістрацыі па сілах яшчэ пяці прэтэндэнтам.

  • Малгажата Кідава-Блоньска — кандыдатка ад найбуйнейшай апазыцыйнай партыі, лібэральнай «Грамадзянскай плятформы».
  • Робэрт Бедрань — кандыдат ад левай кааліцыі.
  • Владыслаў Касіняк-Камыш — кандыдат ад Польскай сялянскай партыі.
  • Кшыштаф Босак — кандыдат ад нацыяналістычнай кааліцыі «Канфэдэрацыя».
  • Шымон Галоўня — беспартыйны кандыдат, шоўмэн і каталіцкі публіцыст.

Каранавірус vs выбары

Першы тур выбараў адбудзецца 10 траўня. Частка апазыцыі патрабуе ад уладаў перанесьці галасаваньне праз пандэмію каранавірусу. Яны сьцьвярджаюць, што ў прэзыдэнта больш магчымасьцяў праводзяць выбарчую кампанію, паколькі яго дзейнасьць асьвятляюць грамадзкія СМІ.

Але прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што ня бачыць неабходнасьці пераносіць выбары.

Хто можа перамагчы

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, Анджэй Дуда мае вялікі шанец перамагчы ўжо ў першым туры. Яго падтрымка ў сакавіку складае 50%, столькі ж, як і ў мінулым месяцы. Ахвочых прагаласаваць за Малгажату Кідаву-Блоньску, галоўную апанэнтку Дуды — 15%, на 5% менш, чым у лютым, гаворыцца ў дасьледаваньні сацыялягічнай лябараторыі CBOS.

86% апытаных адказалі, што абавязкова прымуць удзел у выбарах 10 траўня, 10% выказалі няўпэўненасьць, а 4% адказалі, што ня будуць удзельнічаць у галасаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG