Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што важна ведаць пра пандэмію каранавірусу за дзень


Свабода сабрала важныя факты пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі і сьвеце 19 сакавіка.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі больш за 37 гадзінаў не паведамляе пра колькасьць зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка назваў сытуацыю з каранавірусам «псыхозам». Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх дзяржаваў, якая не ўвяла карантын і не закрыла межы.

Паводле апошняга паведамленьня Міністэрства аховы здароўя, на 8.00 18 сакавіка ў Беларусі ў 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.

Паводле намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Дапкюнаса, за апошнія суткі каля 2000 чалавек атрымалі дапамогу ад дыпляматычнага ведамства. Грамадзянам, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь, аказваецца дапамога.

Паводле МЗС Беларусі, за апошнія тры дні з краіны выехалі 11 тысяч беларусаў. «Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — папярэдзіла Міністэрства замежных спраў.

Паводле колькасьці сьмяротнасьці праз каранавірус Італія 19 сакавіка абышла Кітай. У Італіі праз пандэмію памерлі 3405 чалавек, у Кітаі паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3245 чалавек. Далей у гэтым сьпісе ідуць Іран (1284), Гішпанія (803), Францыя (372), ЗША (171), Вялікабрытанія (144).

Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, на 19 сакавіка ў сьвеце зарэгістравалі 207,9 выпадкаў захворваньня на каранвірус. Ад хваробы памерлі агулам 8 648 чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG