Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВТБ-банк адмяніў ліміты на валютна-абменныя апэрацыі па картках, якія ўвёў раніцай


Беларускі банк ВТБ паведаміў пра адмену раней уведзеных сутачных лімітаў на валютна-абменныя апэрацыі ва ўласнай сетцы сэрвісаў і іншых беларускіх банкаў.

«У банку ВТБ (Беларусь) на валютна-абменныя апэрацыі ў сетцы прыладаў/сэрвісаў банку ліміты не ўстаноўленыя, раней уведзеныя ліміты адмянілі», — сказаў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік банка.

Раніцай 19 сакавіка на сайце банку зьявілася паведамленьне, што ад 19 сакавіка ВТБ-банк уводзіць абмежаваньні на валютна-абменныя апэрацыі ў сваіх сэрвісах.

У прыватнасьці, быў вызначаны дзённы ліміт у эквіваленце 100 эўра, які дзейнічае ў двух выпадках:

  • на расходныя апэрацыі ў замежнай валюце па картках, эмітаваных банкам у беларускіх рублях;
  • на прыходныя апэрацыі ў беларускіх рублях па картках, эмітаваных банкам у замежнай валюце.

Пазьней паведамленьне з сайту выдалілі.

Па выніках валютных таргоў 19 сакавіка даляр ЗША каштуе ўжо 2,5414 беларускага рубля. Гэта абсалютны максымум цаны амэрыканскай валюты. У пачатку 2020 году яна каштавала 2,1036 беларускага рубля. Эўра вырас у цане на 8 капеек да 2,7640 рубля (у студзені быў 2,3524). Камэрцыйныя банкі набываюць даляр у сярэднім па 2,55 рубля, а прадаюць па 2,59. Эўра адпаведна 2,77 і 2,80. Расейскі рубель нязначна, але таксама ўмацаваўся — да 3,1806 за 100 адзінак.

Эканаміст Дзьмітры Крук зьвязвае гэта з падзеньнем расейскага рубля, выкліканым зьніжэньнем цэнаў на нафту. «Гэта зьвязана са зьніжэньнем цаны на нафту, што ўплывае на расейскі валютны рынак, а гэта ў сваю чаргу ўплывае на нас. Калі такая сытуацыя будзе захоўвацца, то беларускі рубель будзе таньнець далей. Сёньня на нафтавым рынку адбываецца цэнавая вайна і цяжка прадказваць, як будзе далей. Нафта можа вырасьці ў цане і праз тыдзень, і празь месяц, і праз паўгода. Калі гэта надоўга працягнецца, то на адкат рубля ў цане гэта не паўплывае», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG