Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры G7 назвалі каранавірус чалавечай трагедыяй і дамовіліся аб супрацоўніцтве ў барацьбе зь ім


Архіўнае фота. Саміт лідэраў «Вялікай сямёркі» ў на Сіцыліі, 26 траўня 2017 году

Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) дамовіліся пра больш шчыльнае супрацоўніцтва і каардынацыю супольных намаганьняў для глябальнага рэагаваньня на пандэмію каранавірусу, гаворыцца ў супольнай заяве G7 па выніках тэлеканфэрэнцыі 16 сакавіка, якую апублікавала прэс-служба Белага дома.

Акрамя аховы здароўя, намаганьні будуць накіраваныя на абарону працоўных месцаў, падтрымку сусьветнага гандлю і інвэстыцый, заахвочваньне супрацоўніцтва ў галіне навукі і дасьледаваньняў. У заяве лідэры G7 назвалі пандэмію COVID-19 «чалавечай трагедыяй і глябальным крызісам у галіне аховы здароўя, які таксама стварае сур’ёзныя рызыкі для сусьветнай эканомікі».

Лідэры «Вялікай сямёркі» паабяцалі:

  • каардынаваць намаганьні па затрымцы распаўсюджваньня вірусу, «у тым ліку шляхам прыняцьця адпаведных мер па кіраваньні межамі»,
  • умацоўваць сыстэмы аховы здароўя ў нашых іх і ва ўсім сьвеце,
  • абʼядноўваць эпідэміялягічныя і іншыя дадзеныя для лепшага разуменьня і барацьбы зь вірусам, абменьвацца інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу,
  • падтрымліваць запуск сумесных дасьледчых праектаў для хуткай распрацоўкі, вытворчасьці і распаўсюджваньня мэтадаў лячэньня і вакцыны,
  • каардынаваць свае дзеяньні з онлайн-плятформамі, каб забясьпечыць максымальны доступ грамадзкасьці да самай апошняй правільнай і актуальнай афіцыйнай інфармацыі сытуацыю з каранавірусам.

Таксама краіны «Вялікай сямёркі» паабяцалі сумесна змагацца з эканамічнымі наступствамі пандэміі.

«Для гэтага мы мабілізуем увесь спэктар інструмэнтаў, уключаючы манэтарныя і фіскальныя меры, а таксама мэтанакіраваныя дзеяньні, накіраваныя на неадкладную і максымальна магчымую падтрымку найбольш пацярпелых работнікаў, кампаній і сэктараў. Гэта асабліва важна для малога і сярэдняга бізнэсу і семʼяў, якія працуюць», — гаворыцца ў заяве.

Лідэры G7 зьвярнуліся да Цэнтрабанкаў і міністэрстваў фінансаў з заклікам у рэальным часе абменьвацца інфармацыяй і забясьпечваць намаганьні для падтрымкі эканамічнай і фінансавай стабільнасьці, з тым каб садзейнічаць аднаўленьню і росту эканомік.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG