Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Канапацкая зьбіраецца пікетаваць Дом ураду, каб у Беларусі ўвялі карантын


Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што зладзіць сёньня пад вечар адзіночны пікет каля Дому ўраду ў Менску.

Яна апублікавала ў сваім Тэлеграм-канале зварот да ўраду: «Паважанае спадарства, не бярыце грэх на душу — абвясьціце ў краіне карантын, закрыйце межы».

Ганна Канапацкая сказала карэспандэнту Свабоды, што «калі ўлады так не рэагуюць, трэба рэагаваць нам».

«Адзіная ўпаўнаважаная асоба, якая можа прыняць гэтае рашэньне, — урад у асобе прэм’ер-міністра альбо віцэ-прэм’ера, якія адказваюць за ахову здароўя. Сёньня я ня бачу гатоўнасьці беларускай мэдыцыны процістаяць эпідэміі, якая ўжо адбываецца ў Беларусі. На ўвесь Менск у нас адна інфэкцыйная лякарня для дарослых, пабудаваная ў 1913 годзе на 200 ложкаў. Гэта ненармальна. Лічу, што наша ўлада не гатовая супрацьстаяць сур’ёзным выклікам», — сказала Канапацкая.

Яна лічыць, што карантын трэба было ўводзіць «яшчэ ўчора».

«А калі казаць у прынцыпе аб праблемах у ахове здароўя, то трэба было будаваць ня новую лякарню для выбраных чыноўнікаў, а інфэкцыйную. І трэба праводзіць сур’ёзную структурную рэформу ў ахове здароўя», — сказала Канапацкая.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG