Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапануе ўвесьці сыстэму штрафных балаў для парушальнікаў дарожнага руху.
Пра гэта распавёў міністар унутраных спраў Юры Караеў у перадачы «Размова ў прэзыдэнта» на тэлеканале «Беларусь-1».
Паводле Караева, цяпер МУС рыхтуе шэраг заканадаўчых зьменаў, якія закрануць адміністрацыйны кодэкс, галоўная задача якіх — «адысьці ад папяровай валакіты, спрасьціць сам працэс прыцягненьня да адказнасьці».
Напрыклад, паводле міністра, цяпер прапрацоўваюць «дзейсныя меры ўздзеяньня на сыстэмных парушальнікаў правілаў дарожнага руху», якіх, паводле МУС, у Беларусі каля 8 тысяч.
«У галіне дарожнага руху мы прапануем ўводзіць штрафныя балы. Гэта робіцца для таго, каб выпадковых, разавых, двух-трохразовых парушальнікаў адсекчы ад меншасьці, якая сыстэматычна, нахабна, спэцыяльна не зьвяртаючы ўвагі на нашы грамадзкія правілы і інтарэсы іншых людзей, парушае правілы проста таму, што так хоча», — сказаў Караеў.
Каб для такіх парушальнікаў гэтыя штрафныя балы і «сталі ў капеечку, і аж да таго, каб яны да аўтамабіля не маглі падысьці ні зь якога боку», падкрэсьліў Караеў.