Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў «Вясны» ўзнагародзілі прэміяй АБСЭ


Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» 12 сакавіка ўзнагародзілі штогадовай прэміяй АБСЭ «Абаронца дэмакратыі».

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што прэмія АБСЭ «Абаронца дэмакратыі» з’яўляецца надзвычай важнай як для сяброў «Вясны», так і для ўсіх беларускіх праваабаронцаў:

«Вось ужо на працягу 24 гадоў „Вясна“ мужна і стойка бароніць правы беларускіх грамадзянаў у складаных і неспрыяльных умовах. Беларускія ўлады пазбавілі нас дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, такім чынам ігнаруючы нас, не зважаючы на тыя калясальныя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у Беларусі. Але гэта не замінае нам дапамагаць і абараняць правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, людзей у месцах несвабоды, прадстаўнікоў уразьлівых групаў, актыўна выступаць супраць сьмяротнага пакараньня, змагацца за права на чыстую зямлю і паветра, за правядзеньне справядлівых і празрыстых выбараў».

На думку Бяляцкага, гэтая прэмія з’яўляецца ясным сыгналам беларускім уладам пра неабходнасьць правядзеньня сурʼёзных рэформаў у галіне абароны правоў чалавека і істотным паляпшэньні сытуацыі з правамі і свабодамі беларускіх грамадзянаў.

«Пакуль мы не дасягнулі нашых мэтаў, мы не зьбіраемся складаць рукі. Рэпрэсіі супраць беларускіх праваабаронцаў не спыняць нашую працу на карысьць дэмакратыі і правоў чалавека ў нашай краіне.
Мы ўдзячныя краінам АБСЭ, якія намінавалі „Вясну“ на прэмію „Абаронца дэмакратыі“. Мы верым, што бясстрашныя і ўпартыя намаганьні праваабаронцаў у рэгіёне АБСЭ, не гледзячы на перашкоды, здолеюць зрабіць наш сьвет крыху лепшым», — падкрэсьліў Алесь Бяляцкі.

Раней прэмію «Абаронца дэмакратыі» атрымлівалі расійскі рух «Голас», сэрбская няўрадавая арганізацыя «Цэнтар дасьледаваньняў, празрыстасьці і справаздачнасьці» (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG