Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mark Formelle пра новую калекцыю: цытаты расейскіх літаратараў мацнейшыя за беларускія


Крама Mark Formelle ў Менску
Крама Mark Formelle ў Менску

У пачатку сакавіка кампанія Mark Formelle выпусьціла «Літаратурную калекцыю» маек з цытатамі расейскіх аўтараў: Гогаля, Дастаеўскага, Бродзкага. Піяр-мэнэджэрка Mark Formelle Вольга Шынкарова патлумачыла Свабодзе, чаму на прынтах калекцыі няма цытатаў беларускіх літаратараў.

Паводле Шынкаровай, распрацоўваючы калекцыю, аўтары разглядалі цытаты беларускіх і расейскіх літаратараў. Перад дызайнэрамі стаяла задача сумясьціць «шмат годных цытатаў» з модай.

«Абраныя цытаты расейскіх пісьменьнікаў падаліся актуальнейшымі і мацнейшымі», — сказала Шынкарова.

У Mark Formelle не выключаюць, што калекцыю будуць дапаўняць іншымі цытатамі, у тым ліку беларускіх аўтараў. Шынкарова згадала ранейшы посьпех беларускацэнтрычных калекцыяў брэнду. Яна таксама паведаміла, што кампанія спытала ў сацыяльных сетках, якія цытаты беларускіх аўтараў хацела б бачыць на новых майках аўдыторыя брэнду.


Продаж «Літаратурнай калекцыі» Mark Formelle стартаваў 3 сакавіка. Калекцыя складаецца зь белых і чорных маек з прынтамі — цытатамі шасьці расейскіх літаратараў: Аляксандра Блока, Казьмы Пруткова, Мікалая Гогаля, Фёдара Дастаеўскага, Ёсіфа Бродзкага, Міхаіла Булгакава. Большую частку калекцыі ў інтэрнэт-краме кампаніі распрадалі цягам першых гадзінаў.

Беларуская кампанія Mark Formelle знаходзіцца ў Заслаўі і гандлюе з 17 краінамі Эўропы, Блізкага Ўсходу і Цэнтральнай Азіі. Інтэрнэт-крамы брэнду арыентуюцца на Беларусь, Казахстан і Расею.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG