Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не дэвальвацыя». Аналітык пракамэнтаваў рэкорднае падзеньне рубля


Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб пракамэнтаваў Свабодзе рэкорднае падвышэньне курсу даляра і эўра адносна рубля.

Што адбылося?

9 сакавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы даляр ЗША абнавіў гістарычны максымум: амэрыканская валюта падаражэла да 2,3518 беларускага рубля, эўра — да 2,675 рубля.

На гэтым фоне таньнее толькі расейскі рубель: мінус 16 капеек да 3,1628 за 100 RUR. Гэта адбываецца паралельна з падзеньнем цэнаў на нафту. Пасьля таго як у канцы мінулага тыдня краіны OPEC не змаглі дамовіцца з Расеяй аб скарачэньні здабычы нафты, усясьветныя цэны абрынуліся на 30%.

Што кажа экспэрт?

На думку Іосуба, рост курсаў продажу замежных валют у Беларусі зьвязаны з сытуацыяй на сусьветным рынку нафты і падзеньнем курсу расейскага рубля.

«Адбываецца гэта праз падзеньне расейскага рубля да даляра. Сёньня прыкладна на 10%. Сёньня ў Расеі выходны дзень, біржа не працуе, але банкі выстаўляюць курсы для наяўнай валюты. Гэта ўсё зьвязана з падзеньнем цэнаў на нафту на 25%. Гэта рэкорднае падзеньне з 1995 году. Гэта не абвал беларускага рубля, гэта не яго дэвальвацыя. Гэта адлюстраваньне таго, што адбываецца на замежных рынках».

Па словах Вадзіма Іосуба, у найбліжэйшыя дні магчымыя два варыянты падзей. Найбольш імаверны — курсы даляра і эўра стабілізуюцца на ўзроўні, які вызначыцца па выніках таргоў на біржы 9 сакавіка. У тым жа выпадку, калі цэны на нафту пачнуць расьці, у наступныя тыдні і месяцы можна чакаць зьніжэньня курсаў даляра і эўра да беларускага рубля, а таксама росту курсу рубля расейскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG