Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў і паралельныя органы ўлады


Уладзімер Пуцін

Абмежаваньне колькасьці тэрмінаў, на якія можа абірацца прэзыдэнт, зьяўляецца пажаданым для Расеі, каб гарантаваць зьмяняльнасьць улады. Пра гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў у інтэрвію для дакумэнтальнага праекту «Праляцеўшы над безданьню».

Як паведамляе ТАСС, фрагмэнт інтэрвію быў паказаны ў нядзелю ў праграме «Весткі тыдня» на тэлеканале «Расея-1».

«Цяпер вось мы разглядаем папраўкі ў Канстытуцыю. Гучыць вельмі шмат розных прапаноў: і адмяніць колькасьць тэрмінаў, на якія можа абірацца прэзыдэнт. Але ўсё-ткі, на мой погляд, для таго каб гарантаваць зьмяняльнасьць улады (а для такой краіны, як наша, гэта важна), усё-ткі лепш, калі колькасьць тэрмінаў абраньня прэзыдэнта была абмежаваная», — сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што нічога незвычайнага ў неабмежаванай колькасьці тэрмінаў, на якія можа абірацца прэзыдэнт, няма.

«У шмат якіх краінах няма ніякага абмежаваньня па тэрмінах абраньня прэзыдэнта. На Захадзе, у тых жа [Злучаных] Штатах з гістарычнага пункту гледжаньня зусім нядаўна гэта было адменена», — дадаў ён.

Прэзыдэнт таксама заявіў, што ня пойдзе на стварэньне непрымальнай для Расеі сыстэмы дзяржаўнай улады дзеля падаўжэньня сваіх паўнамоцтваў.

«Цяпер шмат чутак ходзіць пра тое, каб нейкія альтэрнатыўныя і паралельныя органы ўлады стварыць. Лічу абсалютна непрымальным. Я разумею, што, калі шчыра сказаць, я змагу кантраляваць сытуацыю такім чынам, каб яна была стабільнай. Але ствараць сытуацыю двоеўладзьдзя на будучыню, на пэрспэктыву для краіны абсалютна згубна», — сказаў Пуцін.

Пуцін другі раз за некалькі дзён адмоўна выказваецца адносна таго, ці ўзначаліць ён Дзяржсавет, і ці атрымае гэты орган, які, паводле паправак, будзе згаданы ў Канстытуцыі, дадатковыя паўнамоцтвы. Выступаючы ў Іванаве на гэтым тыдні, прэзыдэнт РФ сказаў, што захаваньне ягоных уладных паўнамоцтваў пасьля выбараў 2024 году будзе азначаць двоеўладзьдзе ў краіне. Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што папраўкі ў Канстытуцыю павінны забясьпечыць стабільнасьць улады, а яе зьмяняльнасьць пачакае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG