Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турфірмы заявілі пра пагрозу бізнэсу ад каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Турыстычная і іншыя галіны эканомікі Беларусі знаходзяцца пад пагрозай з прычыны распаўсюджваньня новага каранавірусу, заяўляюць у Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый (РСТА).

«Ад адсутнасьці поўнай і пераканаўчай інфармацыі пра сытуацыю ў сьвеце (з каранавірусам. — Рэд.), няўзгодненых дзеяньняў, штучнага нагнятаньня сытуацыі ў СМІ турыстычная галіна ў Беларусі, усьлед за Расеяй, падведзена да стану сур’ёзнага каляпсу. Становішча абвастраецца з кожным днём, і наступстваў на сёньняшні дзень ня можа пралічыць ніхто», — гаворыцца ў адкрытым лісьце, які апублікаваў РСТА.

Паводле РСТА, на фоне рэкамэндацый Міністэрства спорту і турызму ўстрымацца ад паездак у Кітай, Італію, Іран і Паўднёвую Карэю беларусы пачалі пазьбягаць паездак ня толькі ў гэтыя краіны, але і ў іншыя. Турысты адмаўляюцца ад раней зарэзэрваваных тураў у розныя краіны як на бягучыя даты, так і на больш позьні пэрыяд (канец лета і восень).

Беларускія апэратары і агенты вымушаны вяртаць турыстам грошы, у той час як перавозчыкі не спынілі палётаў і, адпаведна, не вяртаюць грошай за прададзеныя квіткі. А замежныя партнэры не гатовыя вяртаць сродкі за раней зарэзэрваваныя туры і выстаўляюць штрафныя санкцыі беларускім калегам.

«Страхоўка ад нявыезду, як высьветлілася, у выпадку з каранавірусам і карантынам таксама не працуе», — адзначаецца ў заяве.

Ня лепшая сытуацыя і з уязным і ўнутраным турызмам: напрыклад, шэраг менскіх гатэляў разаслаў лісты турапэратарам пра адмову разьмяшчэньня турыстаў з Італіі, Кітая, Паўднёвай Карэі і Ірану. У выніку няўстойкі за ўжо зарэзэрваваныя турыстамі нумары кладуцца на беларускіх апэратараў. Туры ў Беларусь масава анулююць ня толькі групы турыстаў з Эўропы, але і з Расеі, гаворыцца ў лісьце.

У РСТА заклікаюць турыстаў «не паддавацца паніцы, СМІ — асьцярожна ставіцца да публікацый, якія тычацца каранавірусу», а ўсе зацікаўленыя ведамствы — міністэрствы аховы здароўя, спорту і турызму, эканомікі; нацыянальнага авіяперавозчыка «Белавія», МЗС, грамадзкія абʼяднаньні ў сфэры турызму — «сумесна выпрацаваць захады для ўрэгуляваньня сытуацыі, каб не дапусьціць каляпсу ў эканоміцы ў цэлым і ў беларускім турызьме ў прыватнасьці».

Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый — найстарэйшая грамадзкая арганізацыя ў сфэры турызму, створаная у 2002 годзе. Ён аб’ядноўвае 40 турыстычных арганізацый, вядучых нацыянальных турапэратараў і турагентаў краіны.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG