Дзяржаўнае прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» абвясьціла тэндэр на агучваньне замежных кінафільмаў для дзяцей і дарослых на беларускую мову.
Як вынікае зь ліста «Белтэлекаму», прынятае рашэньне закупіць паслугі агучваньня па-беларуску 10 замежных стужак для інтэрнэт-тэлеканалу «ЯСНАе TV», які ўваходзіць у структуру «Белтэлекаму».
Прыкладная цана закупкі — да 1000 базавых велічынь (27 тысяч рублёў). У ацэнцы крытэраў будзе разглядацца цана за ўсе фільмы, выбраныя для агучваньня (з улікам падаткаў).
У пераліку мастацкіх фільмаў, якія мяркуецца перакласьці на беларускую мову, наступныя:
- «Утаймаваньне свавольніка» (Італія, 1980)
- «Тэрмінатар-2. Судны дзень» (ЗША, 1991)
- «Пяты элемэнт» (Францыя, 1997)
- «Шчасьлівы лік Сьлевіна» (ЗША/Нямеччына, 2005)
- «Цягнік на Юму» (ЗША, 2007)
- «РЭД» (ЗША, 2010)
- «Вобласьць цемры» (ЗША, 2011)
- «Астэрыкс. Зямля багоў» (Францыя/Бэльгія, 2014)
- «Астэрыкс і тайнае зельле» (Францыя/Бэльгія, 2018)
- «Прыгоды Падынгтана-2» (Вялікая Брытанія/ЗША/Францыя, 2017)
Тэлеканал «ЯСНАе TV», які летась паўстаў замест «Мінск TV», можна знайсьці ў базавых і пашыраных пакетах інтэрактыўнай тэлевізіі ZALA і ЯСНА.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў