Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма сутаргаў, пнэўманію вылечылі», — Міністэрства здароўя скончыла праверку заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй немаўляці ў Пінску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У гэты ж дзень, 4 сакавіка, дзяўчынку выпісалі з сталічнага інфэкцыйнага шпіталя.

Паўтара месяца яе лячылі ў Менску ў дзіцячым інфэкцыйным шпіталі, дзе яна была разам з бацькам Іванам. У сераду іх выпісалі, паведаміла Свабодзе маці дзяўчынкі Сьвятлана Дыдышка.

«Муж з дачкой ужо едуць у Пінск. Старэйшыя чацьвёра сыноў вельмі сумавалі безь сястрычкі, чакаюць яе нецярпліва.

Дачка пачуваецца добра, яна ўпэўнена становіцца на ножкі, ужо няма сутаргаў, пнэўманію вылечылі. Працягваць лячэньне будзем ужо ў Пінску, уколы рабіць ёй ужо ня будуць, толькі пігулкі. Назіраць дачку будзе мясцовы інфэкцыяніст», — сказала Сьвятлана.

Бацькі па-ранейшаму лічаць, што заразіць дзіця маглі толькі ў мэдычнай установе, бо і маці з бацькам, і чацьвёра старэйшых дзяцей, і бабуля зь дзядулем абсалютна здаровыя. А дзяўчынка, якая нарадзілася 28 лютага 2019 году з даволі вялікай вагой 4 кіляграмы 400 грамаў і атрымала родавую траўму (ёй зламалі ключыцу), не адзін раз трапляла ў пінскі дзіцячы шпіталь. З кастрычніка дзяўчынка стала хварэць пастаянна, аналізы, праведзеныя ў Берасьці і Менску, пацьвердзілі, што ў дзяўчынкі ВІЧ.

«Заразіць яе маглі толькі ў шпіталі ў Пінску. Нідзе больш. Зразумейце, у мяне дома яшчэ чацьвёра дзетак, усе здаровенькія», — казала Сьвятлана тры тыдні таму, калі высьветлілася, што ў дзіцяці ВІЧ.

Даведаўшыся пра ВІЧ, прайшоўшы абсьледаваньні ўсёй сям’ёй, бацькі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, які прызначыў праверку.

Праверка скончаная, але пра вынікі не паведамілі ні сям’і, ні грамадзкасьці

У сераду раніцай міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік паведаміў, што праверка скончаная, матэрыялы перададзеныя ў Сьледчы камітэт, аднак ніякіх падрабязнасьцяў, што канкрэтна высьветлілася, не ўдакладніў. «Паколькі паралельна працуем і мы, і Сьледчы камітэт, ня ўсю інфармацыю, на жаль, можам пакуль выдаваць. Мы крыху абмежаваныя ў камэтарах у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Калі ўсё будзе ўзгоднена з кампэтэнтнымі органамі, падрыхтуем падрабязны прэс-рэліз», — заявіў міністар.

Уладзімер Каранік дадаў, што падчас праверкі былі абсьледаваныя на ВІЧ усе дзеці, якія ў той пэрыяд знаходзіліся ў шпіталі.

Аднак сям’і Дыдышкаў пра вынікі праверкі пакуль нічога не паведамілі — ні Міністэрства здароўя, ні Сьледчы камітэт, кажа Сьвятлана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG