Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: у Чэхіі вырашылі правесьці біятлённыя гонкі без гледачоў, у Беларусі абмежаваньняў няма


Біятляніст на трасе, ілюстрацыйнае фота
Біятляніст на трасе, ілюстрацыйнае фота

Сёмы этап Кубку сьвету па біятлёне ў чэскім горадзе Новэ-Места-на-Мараве​ пройдзе без гледачоў, паведамляе Чэскае радыё.

Як патлумачыў міністар унутраных спраў Чэхіі Ян Гамачэк, такое рашэньне прыняла Рада бясьпекі, каб стрымаць распаўсюд каранавірусу. 1 сакавіка ў Чэхіі выяўленыя першыя тры выпадкі інфікаваньня.

Чарговы этап Кубку сьвету па біятлёне заплянаваны на 5-8 сакавіка, праграма прадугледжвае шэсьць гонак. Чакалася, што кожны дзень спаборніцтваў наведае каля 30 000 гледачоў. Уваходныя квіткі прададзеныя на агульную суму 22 мільёны кронаў (амаль 1 мільён эўра), цяпер вырашаецца, як вярнуць гэтыя грошы.

Тым часам у Раўбічах пад Менскам 4 сакавіка стартуе біятлённы этап Кубку IBU (Міжнароднага саюзу біятляністаў). Напярэдадні тут завершыўся чэмпіянат Эўропы, у агульным мэдалёвым заліку першынствавала зборная Беларусі. Да пачатку стартаў было набыта блізу 2 тысяч квіткоў, канчатковая колькасьць заўзятараў пакуль не ўдакладняецца.

Біятлённыя гонкі ў Раўбічах пройдуць у прысутнасьці заўзятараў, рашэньня аб нейкіх абмежаваньнях няма.

Сьнежныя гарматы ў Раўбічах
Сьнежныя гарматы ў Раўбічах

Першапачаткова эўрапейскія спаборніцтвы мела прыняць Эстонія, аднак арганізатары заявілі, што ня здольныя гэта зрабіць праз адсутнасьць сьнегу. Тады Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапанавала перанесьці старты ў Раўбічы.

Парэшткі сьнегу з лыжнай трасы ў менскім мікрараёне Вясьнянка і ў комплексе «Зайцава паляна» пад Лагойскам зьбіралі салдаты і валянтэры, адмысловыя ўстаноўкі выпрацоўвалі штучны сьнег.

Шэраг беларускіх і замежных спартоўцаў скрытыкавалі якасьць раўбіцкай трасы, пакрыцьцё якой больш нагадвала «кашу і месіва», чым звыклую лыжню.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG