Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і талібы падпісалі ў Досе пагадненьне аб замірэньні


Падрыхтоўка да падпісаньня пагадненьня паміж ЗША і рухам «Талібан», Доха, 29 лютага 2020 году

ЗША, афганскія ўлады і радыкальны рух «Талібан» падпісалі ў сталіцы Катару Досе пагадненьне аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Афганістану і запуску ў краіне мірнага працэсу. На цырымоніі падпісаньня прысутнічалі прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані, кіраўнік Пэнтагону Марк Эспер, дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Падпісаны дакумэнт — вынік перамоваў, якія Злучаныя Штаты і талібы вялі ад кастрычніка 2018 году. Згодна з дамоўленасьцямі, вайскоўцы ЗША і краін NATO маюць пакінуць Афганістан на працягу 14 месяцаў пры ўмове выкананьня талібамі сваіх абавязаньняў. Цяпер у Афганістане дысьлякуецца да 13 тысяч амэрыканскіх салдатаў. Мяркуецца, што на працягу 135 дзён пасьля падпісаньня пагадненьня іх колькасьць будзе скарочаная да 8600, піша Reuters.

Прэзыдэнт Афганістану ў сваім выступе перад падпісаньнем пагадненьня выказаў надзею, што дамоўленасьці ЗША і «Талібану» прывядуць да сталага замірэньня.

У сваю чаргу Майк Пампэо заклікаў талібаў стрымаць абяцаньне і спыніць кантакты з тэрарыстычнымі групоўкамі «Аль-Каіда» і «Ісламская дзяржава».

Лідэр талібаў Абдул Гані Барадар паабяцаў, што рух будзе прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасьцяў, і заклікаў да разьвіцьця ў Афганістане сыстэмы кіраваньня, якая адпавядае нормам ісламу.

Раней меркавалася, што цырымонія падпісаньня дамовы адбудзецца ў пачатку верасьня 2019 году. Аднак пасьля гібелі ў выніку тэракту ў Кабуле амэрыканскага салдата прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад перамоваў з талібамі. Перамоўны працэс аднавіўся празь некалькі месяцаў.

ЗША ўвялі войскі ў Афганістан пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Рашэньне было падтрыманае блізкімі саюзьнікамі Вашынгтону. Афіцыйна абвешчанай мэтай вайны было зьнішчэнне вайсковай структуры «Аль-Каіды» і пазбаўленьне гэтай тэрарыстычнай арганізацыі пазыцый у Афганістане шляхам адхіленьня ад улады ў Кабуле руху «Талібан». Цяпер пад кантролем талібаў застаецца больш за палову тэрыторыі Афганістану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG