Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве бацькі пратэстуюць супраць закрыцьця гімнастычнай залі


Спартовая школа «Багіма». Заняткі мастацкай гімнастыкай

Чыноўнікі задумалі перасяліць спартовую залю з цэнтру гораду на ускраіну, але перадумалі, бо насьцярожыла незадаволенасьць бацькоў.

У Магілёве бацькі юных спартоўцаў мастацкай гімнастыкі пратэстуюць супраць намераў улады зачыніць залю для трэніровак ў цэнтры гораду. Чыноўнікі тлумачаць зьмену месца заняткаў меркаваньнямі бясьпекі, бо будынак, у якіх яны праходзяць цяпер патрабуе рамонту.

29 лютага бацькі на сходзе змусілі службоўцаў шукаць кампраміс у разьвязаньні праблемы. Трэніравацца гімнасткам у цяперашнім будынку дазволілі да 1 ліпеня. Да сканчэньня гэтага тэрміну будуць разгледжаныя варыянты, як арганізаваць заняткі мастацкай гімнастыкай у загружаным мясцовым Палацы гімнастыкі. Пакінуць свой будынак гімнасткі меліся да 31 сакавіка. Бараніць залю на сход прыйшло блізу сотні бацькоў.

Сьцісла пра залю мастацкай гімнастыкі

Аддзяленьне мастацкай гімнастыкі дзіцячай спартовай школы «Багіма» займае будынак, які лічыцца помнікам архітэктуры ХІХ стагодзьдзя. Стаіць ён у цэнтры гораду на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Будынак, у якім праходзяць трэніроўкі па мастацкай гімнастыцы
Будынак, у якім праходзяць трэніроўкі па мастацкай гімнастыцы

Выдзелілі яго для спартовых заняткаў больш за дзесяць гадоў таму. У ім трэніруюцца 160 дзяцей ад 4 да 16 гадоў. Заняткі ад 8-й да 20-й гадзіны праводзяць 5 трэнэраў і 2 харэографы.

Як разгортваўся канфлікт зь перасяленьнем

Пра намеры «перасяліць» залю бацькі гімнастак даведаліся выпадкова на мінулым тыдні. Паводле іх, 25 лютага на асабістым прыёме гэта пацьвердзіў кіраўнік спартовай школы «Багіма» Віктар Шайнікаў. Спачатку ён патлумачыў неабходнасьць пераезду тым, што адна з трэніровачных заляў не адпавядае патрабаваньням тэхнікі бясьпекі. Яна, нібыта, на адзін мэтар меншая, чым ёй належыць быць.

Пазьней бацькам паведамілі, што прычына для перасяленьня, нібыта, у аварыйнасьці будынка. Паводле Шайнікава, у 2017 годзе будаўнічая экспэртыза не рэкамэндавала праводзіць у будынку спартовыя заняткі, паколькі ён патрабуе капітальнага рамонту. За тры гады знайсьці сродкаў на рамонт кіраўніку школы не ўдалося, і ён ініцыяваў перанос трэніровак у іншае месца. Тэрмін дзеяньня экспэртызы сканчаўся 31 сакавіка.

Самая вялікая заля ў будынку, дзе займацца гімнасткі
Самая вялікая заля ў будынку, дзе займацца гімнасткі

Паводле бацькоў, залю мастацкай гімнастыкі зьбіраліся перасяліць у будынак дзіцячай спартовай школы № 5, якая месьціцца на ўскраіне гораду ля заводу «Ольса» (вуліца Грышына, 98). Цяпер у ім праходзяць заняткі па гульнявых відах спорту. Бацькі настойваюць, што для трэніровак гімнастак гэтая заля не прыстасаваная. Насьцярожвае іх і тое, што ў будынку разьмешчаная платная лазьня-саўна. Акрамя таго, дабрацца да новага месца трэніровак праблематычна. Туды ходзіць рэгулярна толькі адзін маршрут грамадзкага транспарту. Ад канцавога прыпынку ісьці больш за кілямэтар.

Чыноўнікі: рашэньне пра перасяленьне на ўскраіну гораду не было прынятае

Паводле намесьніцы старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Алы Галушкі, будынак, які займае аддзяленьне мастацкай гімнастыкі, не прызначаны для правядзеньня спартовых заняткаў. Яна адзначае, што пытаньне пра яго перасяленьне «шмат гадоў ужо актуальнае», паколькі будынак патрабуе рамонту. Далейшы яго лёс ня вырашаны.

Паводле яе, прапанова перасяліць мастацкую гімнастыку ў спартовую школу № 5 была адным з варыянтаў, але па ім не было прынятае рашэньне. Насьцярожыла службоўцаў і незадаволенасьць бацькоў.

Магілёўскі Палац гімнастыкі. На ўваходзе скульптура спартоўкі з мастацкай гімнастыкі, але сам палац не прыстасаваны для гэтага віду спорту
Магілёўскі Палац гімнастыкі. На ўваходзе скульптура спартоўкі з мастацкай гімнастыкі, але сам палац не прыстасаваны для гэтага віду спорту

Ала Галушка ў якасьці кампраміснага рашэньня прапанавала перавесьці аддзяленьне мастацкай гімнастыкі ў перагружаны Палац гімнастыкі https://www.svaboda.org/a/2212563.html. Да яго з цэнтру гораду 20 хвілінаў язды на грамадзкім транспарце. У ім цяпер трэніруюцца без спартоўцаў мастацкай гімнастыкі больш за 500 чалавек.

Бацькі гімнастак на сходзе
Бацькі гімнастак на сходзе

Кіраўнік спартовай школы «Багіма» Віктар Шайнікаў прызнаў, што стварыць у Палацы гімнастыкі такія самыя ўмовы для трэніровак мастацкай гімнастыкай, як у цяперашнім будынку, нельга. Ён кажа, што давядзецца ўшчамляць інтарэсы іншых відаў спорту, але «другіх варыянтаў няма».

Бацькі чыноўнікам: бараніце праўду

Бацькі трымаюцца пазыцыі, каб аддзяленьне мастацкай гімнастыкі пакінулі ў цяперашнім будынку. Яны лічаць, што абсьледаваньне яго стану і рамонт можна праводзіць без прыпыненьня трэніровак.

Галоўны трэнэр аддзяленьня мастацкай гімнастыкі Сьвятлана Шышко на сходзе заявіла, што напіша заяву аб звальненьні, калі ня будзе створана належных умоваў для трэніровак гімнастак
Галоўны трэнэр аддзяленьня мастацкай гімнастыкі Сьвятлана Шышко на сходзе заявіла, што напіша заяву аб звальненьні, калі ня будзе створана належных умоваў для трэніровак гімнастак

Бацькі зьвінавацілі чыноўнікаў у няшчырасьці, а Алу Галушку ў тым, што яна «не бароніць праўды». Паводле іх, калі б яны ня сталі пратэставаць, то пытаньне з высяленьнем на ўскраіну гораду было б ужо вырашанае. Яны настойваюць, што высяляюць з будынку гімнастак, бо «ён у цэнтры гораду, таму некаму спатрэбіўся».

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды бацькі адзначылі, што прапаноўвалі кіраўніцтву спартовай школы «Багіма» перанесьці ў Палац гімнастыкі трэніроўкі, але ім адказалі, што «ад пачатку ён узводзіўся без уліку патрабаваньняў мастацкай гімнастыкі».

Пасьля двухгадзіннай дыскусіі бацькі пагадзіліся на прапанову чыноўнікаў перабрацца ў Палац гімнастыкі, але пры ўмове іхнага кантролю над тым, як будуць разьмяшчаць у ім мастацкую гімнастыку. Да 1 ліпеня трэніроўкі па ёй працягнуцца ў цяперашнім будынку.

На думку бацькоў, з прычыны загружанасьці Палацу гімнастыкі адміністрацыя школы ня здолее стварыць належных умоваў для паўнавартасных трэніровак. Гэта прывядзе да адтоку тых, хто хоча займацца мастацкай гімнастыкай, бо «зьмяншэньне колькасьці трэніровак адаб’ецца на выніках выступленьняў гімнастак на спабоніцтвах».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG